Чаму нас чакаюць
Я падарожнічаю.
Проста крочу уперад
І захапляюся
Хараством палаючай восеньскай прыроды.
Праходжу праз маленькую вёсачку,
Бачу: ля старой хаты сядзіць дзед.
Ён у валёнках і шапцы, зусім старэнькі.
Падыходжу, вітаюся. Ён маўчыць:
Не чуе, або задуменны.
Пытаюся грамчэй: Каго чакаеш дзед?
Ён уздрыгвае, падымае галаву, глядзіць на мяне,
І неяк задуменна адказвае: Гасцей!
– Якіх жа гасцей?! – На гэтую вёску ўсе даўно ўжо забыліся!
Моладзь параз’ехалася, а старыя амаль усе паўміралі.
Ня варта чакаць! Ды й навошта сядзець пры самай дарозе?
– Каб не прапусціць гасцей!
– Якіх гасцей?! Калі будзе патрэбна, яны і самі цябе знойдуць!
Ды й халодна ўжо… Ідзі лепш у хату!
– Але, калі я пайду, як жа госці зразумеюць, што іх чакаюць?
Як яны зразумеюць, што яны – госці?…
Развітваюся.
Крочу далей.
Дзіўна: а чаму мы і не задумваемся, што ўсе людзі – сапраўды госці,
Што нас усіх хаця б хто-небудзь заўжды чакае і, самае страшнае,
Можа ніколі не дачакацца?…
А дарога матляецца праз поле і хаваецца дзесьці між соснаў далёкага бору.
Цікава: ён таксама чакае?
Дарога бяжыць, кліча за сабою…
Проста крочу уперад.
За плячыма, ля старой хаты застаецца дзед. Ён чакае…
А нада мною, шырока раскінуўшы крылы, ляціць бусел.
І я таксама пачынаю чакаць. Чакаць падсвядома,
Яшчэ не асэнсоўваючы таго, што я чакаю.
Але я адчуваю, што абавязкова дачакаюся чагосьці!
І я чакаю. Чакаю ад сябе, ад навакольнага сусвету чагосьці гэткага,
Незвычайнага! Але…
Я падарожнічаю…
Цудоўны восеньскі вечар.
19.05.2006г.
Свидетельство о публикации №107061400116