Паэма Сучаснасцi

Паэма Сучаснасці

 І
Я выгаляю брыво.
Атручаная вялікім горадам,
я шукаю шлях да неба
праз свабоду.
Лязо рухаецца ўніз,
да шыі.
Яно іншае.
Яно паслядоўнік
гу-МАНІ-стаў
і авантурыстаў.
Яно не ведае перашкод
і прымхаў.
Яно толькі код.
Яно не ведае залежнасці
ад абставін
і часу.
Яно—хрысціянін,
больш сапраўдны,
чым мы.

 ІІ
Яно не ведае болю
расчаравання.
Яно не ведае лжы.
Яно не ведае
пакаяння.
Яно за-ВОР-ванне.
Яно абяз-БОЛЬ-ванне.
Яно аб-ВІНА-вачванне.
Яно з-ДЗІЧ-энне.


 ІІІ
Каля шыі яно спыняецца,
чакаючы загаду
без шкадавання.
Чакаючы слоў:
“Не трэба!
Вяртайся назад!”
Бо нехта сказаў:
гэта не высце.

 IV
На раз-два-тры
я пачынаю пошукі
свайго EGO.
Апошнім часам
мы часта гуляем
у схованкі.
Як іголкі
ў сене.
Як французы
ў Сене.
Мажліва,
яно блізка.
Мажліва,
яно, бы тая кіска,
гуляе само
па сабе,
шукаючы прыгод
і рызыкі.


 V
Я выгаляю брыво
І адчуваю сябе
Іншай.
Бы тая амазонка,
пакутую
ад андрафобіі
і лячуся
вайной
і астралогіяй.
Змяняю імёны,
Як эмігранты
у час другой
сусветнай.
Беспрэцэдэнтна.
І правільна.


 VI
Свет разбураецца,
свет не пакідае
пра-СВЕТ-аў.
Б’е рыкашэтам,
Праўдай вясны.
Песпектыва
павіснуць
паміж зямлёй
і небам
не прываблівае.

 VII
Я не з пакалення
Сонца.
Я не з пакалення
Зямлі,
хоць і здзяйсняю
яе пакарэнне,
чакаючы пакарання
за грахі.
Мы—не соль зямлі.
Мы спальваем масты
пад эгідай д’ябла.

 VIII

Не перастаём вара[жыць],
не маючы
ліцэнзіі.
І свае прэтэнзіі
шлём уверх.
І кажам потым,
што нас не чуюць,
што нас пакінулі,
што мы асуджаныя
на пакуты,
закутыя.

 IX

Мы persony non grata.
Мы ваяры з ветракамі.
Але ў адрозненне ад Кіхота,
мы не рыцары,
мы—галота.
Мы цураемся роднага.
Чалавек чалавеку воўк—
пункт зыходны.

 X

Вечная памяць тым,
хто зразумеў,
што гэта фікцыя,
што гэта падман.
што гэтага не было
і не будзе ніколі.
Гэта не рэч у сабе.
І кошт—
выміранне.

 XI
Абараняемся татэмамі.
І з апошніх сіл
танцуем
першабытныя вальсы.
І верым у тое,
што чалавек—
Бог.
Але ж праўда,
на жаль, горкая.
Праўда ў тым,
што мы
Марыянеткі.
Мы лялькі,
Бяздумныя,
Бязвольныя,
Атручаныя
Смогам.
Мы—нуль,
Мы—абстракцыя,
Мы—апошняе
пакаленне.
нацыі,
імя якой
Ча-ла-вец-тва.

 XII

Я выгаляю брыво
і не шкадую
ўжо ні аб чым.
Няма ні жанчын,
ні мужчын,
і людзьмі ўжо
мы звацца не будзем.
Я рухаюся да шыі.
Але рука спыняе сябе
сама.
Я іншая,
Але я з імі.
На лязе—кроў
бы журавіны.
Кроў зямлі,
пралітая зноў.
Людзьмі.
Я знікаю…
Я—ружа вятроў.


Рецензии

Завершается прием произведений на конкурс «Георгиевская лента» за 2021-2025 год. Рукописи принимаются до 24 февраля, итоги будут подведены ко Дню Великой Победы, объявление победителей состоится 7 мая в ЦДЛ. Информация о конкурсе – на сайте georglenta.ru Представить произведения на конкурс →