Вершы з новага зборнiка. Павуцiнка
+
Пачуцці-карункі
хацела злучыць,
знітаваць
павуцінкай.
Сатлелі карункі,
згубіўся ўзор,
ды трымціць –
П а в у ц і н к а.
+
Душу
выдыхну на шкло.
У бурштынавай кроплі –
сонца.
+
У купцы попелу аркуш абпалены.
З дымам
душа растае.
+
Пачатак сезона:
сёння
раскрываецца першы парасон
+
Тваё свята.
Твой святочны пірог са свечкамі ліхтароў.
Твой горад.
+
Пэндзаль-запалка
на хвіліну
азорыць сусвет
+
Дом,
збудаваны на пяску
з майго гадзінніка
+
Грукаеш у дзверы
навошта
сэрца табе адкрыта
+
Твае валасы пахнуць дымам.
Зграбаем лісты
пасаджаных намі дрэў
+
Дорыць каліна
трапяткую пунсовую кроплю
на пацерку мне
+
Дзён маіх,
нібы яблыкаў, -
даўкі восеньскі прысмак…
+
Птаха – у вырай,
ліст –
да цябе
адпускаю.
+
Маленькім люстрам адбіць вашыя промні –
і асляпіць сонечным зайчанём –
вершам
+
Дзякую вам
апошнім ламаным грошам –
вершам
Свидетельство о публикации №107040700201
Геннадий Давыдько 16.01.2008 14:29 Заявить о нарушении