А там, па-за светам - пяшчота...

* * *

 Паэтцы Ларысе Раманавай


А там, па-за светам, –
 пяшчота, пяшчота, пяшчота,
А там, па-за светам –
 бяздонне, святло і каханне.
А тут нам – хвілінны супынак,
 прыстанак, адхланне.
А тут – перавесці дыханне,
 ўзяць шчырую ноту.


Тут свет спаміж пальцаў
 сцякае струменем крынічным.
Пусці яго, як адпускаеш
 ваду дажджавую.
І сябру і ворагу грэх іх і цноту –
 дарую,
Аднолькавы ўсе перад Воблікам
 гожым і слічным.


Мы глінаю станем – ці амфарамі,
 ці збанкамі,
І зноўку абпальваць будуць ня богі,
 а людзі.
А ў Хораме светлым –
 харалы, санаты, прэлюдыі,
А ў Хораме светлым –
 пяшчота, бяздонне, каханне.


Рецензии