Ён любiу карты i самога сябе

Мурашкі павольна бегалі ад шыі да пятак. Кожны рух быў рухам да непазбежнасці. Я адчула пільны позірк на сваёй спіне і дурманлівы пах кубінскіх цыгар. Крок у цемру. Усё скончана. Ён прайграў.

 ***

Я кахала яго да слабасці ў каленках, да болю ў скронях, да вар’яцтва... Я не верыла ў Бога, але шчыра маліла яго аб літасці…Я навучылася крычаць без слоў, плакаць без слёз, хаваць пакуты пад цемраю веек… Я смяялася тады, калі хацелася разнесці ўсё ўшчэнт. Я была геніем і дурніцай, здрадніцай і ўзорнай жонкай, істэрычнай гаспадыняй і паслужлівай служанкай. Была ўсім…і адначасова нічым.

 ***

Ён успрымаў маё каханне як нешта натуральнае. Ён мог ласкава ўсміхацца, а пра хвіліну ўдарыць. Ён бачыў мяне наскрозь і не мог зразумець. Ён ухадзіў, не развітваючыся, на цэлыя тыдні, а часам і на месяцы. Бразгаў дзвярыма і пакідаў мяне ляжаць на падлозе і бяздумна глядзець у столь. Ён любіў сябе больш за ўсіх.

 ***

Акрамя гэтага, у яго было яшчэ адно захапленне. Карты. Ім ён аддаваўся поўнасцю, без пярэчанняў, да канца. Гэта была яго другая любоў. Чырвы, звонкі, віны, хрэсці… былі яго найлепшымі сябрамі. А вочы былі звыклыя да паўцемры і зялёнага сукна картачнага стала. Кожны вечар роўна ў сем ён ішоў і ставіў на карты ўсё. Усё, што толькі магчыма. У адзін такі вечар ён мог стаць багатым, а мог страціць нават самога сябе.

 ***

У яго было шмат жанчын, але яны не затрымліваліся надоўга. Ён быў абыякавым да іх, і яны беглі прэч, як ад смяротнай хваробы. У яго жыцці заставалася толькі я—смяротніца, асуджаная на вечныя пакуты. Калі яму было кепска, ён прыходзіў да мяне. Ён плакаў на маіх руках, як дзіця, і я любіла гэтыя хвіліны больш за ўсё. Я любіла маўчаць і слухаць яго сэрцабіццё. Мне нічога не было патрэбна ў адказ. Я не прасіла кахання, і ён мне яго не даваў.

 ***

У той вечар ён быў незвычайна вясёлы. Павінна была адбыцца буйная гульня. Ён абняў мяне і сказаў:
—Сёння я гуляю на цябе.

Я ні аб чым не пытала, нічога не прасіла—я проста чакала. Калі ён прыйшоў дахаты, на дварэ ўжо вечарэла. Я стаяла каля акна і глядзела на заход сонца. Гадзіннік гучна адбіваў час, як быццам гэтым ён вырашаў чыйсьці лёс. Пустата разгортвалася і запаўняла ўвесь пакой. Ён маўкліва закурыў, і я зразумела без слоў: усё скончана.
 


Рецензии