Афрыка. Мюзiкл
Мюзікл для дзяцей
у 2-х дзеях
ПАСТАЎЛЕНЫ Ў
НАЦЫЯНАЛЬНЫМ АКАДЭМІЧНЫМ ТЭАТРЫ ІМЯ ЯНКІ КУПАЛЫ Г.МІНСК,
НАЦЫЯНАЛЬНЫМ АКАДЭМІЧНЫМ ТЭАТРЫ ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА Г.ВІЦЕБСК
ПАТРЭБНЫ ПЕРАКЛАДЫ З БЕЛАРУСКАЙ НА ІНШЫЯ МОВЫ ДЛЯ НОВЫХ ПАСТАНОВАК.
УСЕ АЎТАРСКІЯ ПРАВЫ ПЕРАКЛАДЧЫКАЎ
ЗАХОЎВАЮЦЦА.
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ
Кот Мурлыка, ён жа — Мурла Першы
Белая Кошачка, яна ж — Чорная Кошачка
Певень, ён жа — Жырафа
Кабан, ён жа — Насарог
Сарока, яна ж — Папугай
Бусел
Кураня
Куры, Малпы, Леў,
Каралеўская варта, Хор
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
Канец лета. Ясны цёплы дзень. Двор.
Жыхары двара развітваюцца з Буслом.
БУСЕЛ. Вось спакаваў свае валізкі.
Час адлятаць, бо шлях няблізкі.
БЕЛАЯ КОШАЧКА. Бывай, наш Бусел, да вясны!
ПЕВЕНЬ. Ляці праз рэкі і лясы.
КАБАН. Бывай, наш сябра, горды птах!
УСЕ. У добры шлях,
У добры шлях!
ПЕВЕНЬ. Ты пакідаеш родны двор,
Лятаеш ты ля самых зор.
КАБАН. А наш спрадвечны цяжкі лёс —
Жыць ля алешын і бяроз.
РАЗВІТАЛЬНАЯ ПЕСНЯ
БУСЕЛ. Я, крылаты вандроўнік, Бацян,
Палячу праз імжу і туман
Да спякотных чужых берагоў,
Каб увесну вярнуцца дамоў!
БЕЛАЯ КОШАЧКА. Беларуская птушка Бацян,
Ты надзеі маёй талісман.
Я у радасці і у журбе
Буду помніць заўсёды цябе!
ХОР. Бывай, бывай, бывай!
Твой шлях за небакрай,
Ля сонца і аблокаў
Да Афрыкі далёкай.
Бывай, наш любы Бусел,
Бывай, бывай, бывай!
БУСЕЛ. Скажу, сябры, я вам ад сэрца,
Не ўсё так проста, як здаецца.
Там, у Афрыцы, самота.
Сніцца роднае балота.
Каб не лютыя марозы,
Заставаўся б ля бярозы
І лужка,
Дзе квачуць жабы...
І у вырай не лятаў бы!
Там нічога мне нясмачна.
Там спякотна мне і страшна.
Бо у зараслях травы
Там хаваюцца Ільвы.
Кракадзілы там і змеі,
Паляўнічыя-пігмеі.
Як успомню, — сохне ў роце.
Не жыццё, — адно страхоцце.
Але кліча, кліча неба, —
Адлятаць, сябры, мне трэба.
ХОР. Беларуская птушка Бацян,
Так падобна на аэраплан.
Крылы ўбокі — ляціць над зямлёй
Запаветнаю марай маёй.
Бывай, бывай, бывай!
Твой шлях за небакрай,
Ля сонца і аблокаў
Да Афрыкі далёкай.
Бывай, наш любы Бусел,
Бывай, бывай, бывай!
Бусел развітваецца і адлятае. Усе глядзяць яму ўслед. Разыходзяцца. Застаецца толькі Мурлыка.
МУРЛЫКА. Шчаслівы той, хто крылы мае,
Хто каля воблакаў лятае.
А тут — не тыя абароты,
Змарнеў я, хочацца пяшчоты.
Паўсюль адны і тыя ж твары,
Паўсюль размовы пра даляры.
Паўсім відаць, здрабнеў наш двор,
Як у цяпліцы памідор.
Учора я сарваўся з даху,
Пакуль ляцеў, зчарнеў ад страху.
А меў бы крылы, — не сарваўся б,
Лятаў бы, светам захапляўся б.
Ды не бяда, ёсць файны план:
Будую я аэраплан.
І вось на ім я палячу
Паўсюль, куды я захачу,
Як белы бусел над зямлёй,
З каханай кошачкай маёй.
Мурлыка будуе аэраплан. Белая Кошачка ўтульна ўладкавалася на падваконніку і назірае за Мурлыкам.
ПЕСЕНЬКА МУРЛЫКІ
Усе каты,
Як я і ты,
Вандроўныя натуры.
Таму каты —
І я, і ты —
Народ зусім не хмуры!
Мя-у, мя-у,
Мяў, мяў, мяў.
Пяць сасісак я умяў.
Пяць сардэлек,
Лусту сала, —
Вам зашмат,
А мне — замала.
Усе каты,
Як я і ты,
Бадзягі і абжоры.
Таму каты —
І я, і ты —
Заўсёды у гуморы!
Трэба, трэба лёгка жыць,
Не журыцца,не тужыць, —
Бо жыццё ўсяго адно,
Бо кароткае яно!
Усе каты,
Як я і ты,
Зусім не забіякі.
Таму каты —
І я, і ты —
Каты, а не сабакі!
Падчас песні з’яўляюцца Сарока, Кураня, Певень, Кабан.
МУРЛЫКА. О, шаноўныя суседзі,
Спадары, паненкі, ледзі.
Хаў ар ю?
Ну як жывецца?
ПЕВЕНЬ. Ды ў парадку ўсё, здаецца.
Кураня маё смяецца,
Жонка квохча,
Сэрца б’ецца.
Ну, а што, а што ў цябе?
МУРЛЫКА. Добра вам, а мне — маркота.
Белай Кошачкі пяшчота
Не дае ні дня спакою...
Дарлінг, о, пабудзь са мною.
Ай лаў, ай лаў ю!
БЕЛАЯ КОШАЧКА. Ваў!
Нядрэнная выснова.
Быць з табой...
Я не гатова!
Мушу з сумам я зазначыць:
Я цябе не рада бачыць.
Кажуць кошкі, што
Ты — дзе хочаш, там вандруеш, —
Аніякіх перашкод.
З кім захочаш, з тым фліртуеш, —
Мабыць, ты — шкадлівы кот?
Мне ж адны перажыванні
Аб няспраўджаным каханні.
Хіба ж можна, хіба ж можна так?
То скандал, то авантура, —
А ў мяне на сэрцы бура.
Я цябе не разумею,
Быць няшчырай не умею,
Так што, псік адсюль!
ХОР. Валацуга, валацуга,
Ні кала, ані двара.
Мармытанне пра каханне —
Прыпыніць табе пара.
Мармытанне пра каханне,
Нібы слёзы шкаляра,
Прыпыніць табе пара,
Пара!
БЕЛАЯ КОШАЧКА. Мур-ра!
Усе рагочуць. Мурлыка збянтэжаны. На гоман прылятае Сарока і адразу ж пачынае лапатаць...
САРОКА. (Да Мурлыкі)
Я, Сарока, я, пляткарка,
Чую дзюбай: будзе сварка.
(Да жыхароў двара)
Наваліліся кагалам,
Мо, зайздросціце, таму?
Заступіцца за Мурлыку
У двары няма каму.
ПЕСЕНЬКА САРОКІ
О-ё-ё-ёй,
Ой няпраўда,
Што на розуме ў Мурлыкі
То-то-то-то-толькі,
Толькі чыкі-брыкі.
Чыкі-брыкі, рок-н-рол,
Песняры-музыкі.
Чыкі-брыкі, рок-н-рол, —
Толькі для Мурлыкі.
О-ё-ё-ёй,
Ой няпраўда,
Што на розуме ў Сарокі
То-то-то-то-толькі,
Толькі злосныя сурокі.
Рокі-рокі-рок-н-рол, —
Злосныя сурокі.
Рокі-рокі-рок-н-рол, —
Толькі у Сарокі.
САРОКА. Ты, Мурлыка, не журыся!
Не сумуй, а варушыся.
Падкажу табе я трошкі:
Як і ўсе паненкі,
Кошкі
Вельмі любіць падарункі —
Залацістыя пакункі.
МУРЛЫКА. Шанец мой і паратунак,
Можа быць, хоць трошачкі, —
Незвычайны падарунак
Для чароўнай кошачкі.
ХОР. О-ё-ё-ёй,
Ой няпраўда,
Што на розуме ў Сарокі
То-то-то-то-толькі,
Толькі злосныя сурокі.
Рокі-рокі-рок-н-рол, —
Злосныя сурокі.
Рокі-рокі-рок-н-рол, —
Толькі у Сарокі.
МУРЛЫКА. Што падарыць?
Няма ж нічога.
А што калі... сябе самога.
(Да Сарокі)
Што любяць кошкі больш за ўсё?
Кажы, як ведаеш, цішэй.
САРОКА. Здаецца мне,
Што больш за ўсё
Ім даспадобы смак мышэй!
МУРЛЫКА. (Да Пеўня)
Што любяць кошкі больш за ўсё?
Хто ведае іх густ?
ПЕВЕНЬ. Калі пытаеш, то скажу,
Напэўна, чупа-чупс!
МУРЛЫКА. Што любяць кошкі больш за ўсё?
Спытаць бы у Самой...
КУРАНЯ. Спытай мяне і я скажу
Сакрэт вялікі мой:
Люблю я пшонку, ко-ко-ко,
А кошкі любяць...
МУРЛЫКА. Малако!
Мурлыка прыносіць жбан малака.
ПЕСЕНЬКА ПРА МАЛАКО
МУРЛЫКА. Малако —
Мала-ла-ко!
ПЕВЕНЬ. Ко-ко-ко-ко-ко!
МУРЛЫКА. Малако —
Мала-ла-ко!
ПЕВЕНЬ. Ко-ко-ко-ко-ко!
БЕЛАЯ КОШАЧКА. Мур-мур-мур,
Мур-мур-мур-мур, —
Гэта мой лямур.
Мур-мур-мур-мур,
Мур-мур-мур-мур, —
Гэта мой лямур!
МУРЛЫКА. Малако — гэта святло,
Малако — гэта цяпло.
Малако заместа нафты
Я залью ў аэраплан.
Замест колы буду піць я малако!
Танец са жбанам малака. Кошачка прымае падарунак. Мурлыка пачувае сябе пераможцам.
МУРЛЫКА. Я дужэй за Кабана, —
Медны грош яму цана.
Я за Пеўня прыгажэйшы.
Я, Мурлыка, кот найлепшы.
Самы першы кавалер —
Гэта я!
КАБАН. Калі ты такі адважны,
Знакаміты і паважны,
Дык табе не месца тут,
Ты — шалапут!
Жыхары двара абражаны і пакрыўджаны
нахабствам Мурлыкі.
КУРАНЯ. Ты — “смялейшы”,
Ты — “дужэйшы”?
Глупства!
Ты за ўсіх смяшнейшы!
САРОКА. Што з табой, Мурлыка, стала?
Можа, выспаўся ты мала?
ПЕВЕНЬ. Што ты шчокі надзімаеш,
Што крычыш, курэй пужаеш?
КАБАН. Ты мышэй даўно не ловіш,
Абібок і дармаед,
Анікому, анікому
Сёння гэта не сакрэт.
ПЕВЕНЬ. Ты залежыш ад каровы,
Ад атавы, —
Ха-ха-ха!
Ты залежыш,
Ты залежыш
Ад настрою пастуха.
КАБАН. Ты мышэй даўно не ловіш.
Пэўна, кволае нутро.
Ты, спадар, не Кот Мурлыка,
Ты — малочнае вядро!
МУРЛЫКА. (Злосна). Я — малочнае вядро?
Вы — зайздроснае звяр’ё!
МУРЛЫКА. Дараблю аэраплан
І зматаюся ў Судан.
САРОКА. Мо ты блёкату аб’еўся,
Ці на сонцы перагрэўся?
Што табе не падабаецца, сеньёр?
МУРЛЫКА. Вы — усе, і гэты брыдкі двор!
КАБАН. (Грозна)
Зараз я яго злаўлю,
Павалю і увалю!
Кабан гоніцца за Мурлыкам, спатыкаецца і падае на аэраплан. Трэск і грукат. Аэраплан развальваецца на часткі.
МУРЛЫКА. Што ты зрабіў, кавалак сала?
КАБАН. Хру-хру...
МУРЛЫКА. Тваё хру-хру мяне дастала.
Ружовы лыч, табе гамон!
Канец, капец і сальцісон!
Зламаў мой “Боінг”!
Люты звер!
Я не змагу лятаць цяпер...
(У адчаі)
Брыдкі, брыдкі, брыдкі двор.
Тут усё наперакор.
Тут развал і заняпад.
Тут не рады брату брат.
Брыдкі, брыдкі, брыдкі двор —
Сорам мой і мой дакор.
Ні спакою, ні цяпла,
Ні нармальнага жытла.
САРОКА. Двор як двор,
Зусім не брыдкі.
Перабраў ты ўвачавідкі.
КАБАН. Кепска тут, а дзесьці good,
Ты не цэніш родны кут.
Наш любімы, мілы двор,
Нашу... як яе?..
УСЕ. Прыроду!
КАБАН. Ты абразіў, рыжы хвост,
Як трухлявую калоду.
ПЕВЕНЬ. Так я гэта не пакіну:
Зганьбіў ты маю краіну.
Здрадзіў нам. І так ганебна.
Правучыць цябе патрэбна!
ПЕСЕНЬКА ПЕЎНЯ
ПЕВЕНЬ. Кука-кука —
Кукарэку, —
Забадаю недарэку.
САРОКА. Хоць ён, певень,
Рог не мае,
Усёроўна забадае.
ПЕВЕНЬ. Кука-кука —
Кукарэку!
КАБАН. Зробіць ён з цябе
Калеку.
ПЕВЕНЬ. Дзюба тонкая,
Як джала,
Дзеўбану, —
Не будзе мала.
Кука-кука —
Кукарэку, —
Затапчу цябе,
Няўмеку.
Тупу-тупу,
Тры-чатыры,
Давяду да
Харакіры.
Кука-кука —
Кукарэку!
КАБАН. Зробіць ён з цябе
Калеку.
ПЕВЕНЬ. Ані пікнеш,
Ані вякнеш.
Ну хіба што
Ціха мяўкнеш,
Ціха мяўкнеш,
Ціха.
Дзюба моцная,
Вочы зоркія,
Крылы дужыя,
Шпоры вострыя!
Вельмі злосны я,
Вельмі злосны я,
Вельмі злосны я
На ката!
Певень кідаецца на Мурлыку. Бойка. Певень перамагае.
МУРЛЫКА. Окей, окей, сябры!
Адзью.
Умерце крыху злосць сваю.
Без вас жытло сабе знайду, —
Хацеў ляцець, цяпер пайду
(Летуценна)
Туды, дзе ўсё на свеце ёсць,
Дзе вечны рай і прыгажосць,
Дзе правяць родзічы мае,
Дзе усяго усім стае,
Дзе ані крыўдаў, ані слёз,
Дзе што ні пальма, то какос!
А ў тым какосе малака —
Не жбан, а цэлая рака!
ПЕВЕНЬ. Ідзі, ідзі, і не вяртайся!
КАБАН. І на шляху нам не трапляйся.
САРОКА. Калі цябе не перайначыць,
Тады ўжо лепш цябе не бачыць.
МУРЛЫКА. Хопіць, хопіць сумаваць,
Раз і двас.
Самы час павандраваць,
Самы час.
Навакол вялікі свет,
Дзіўны свет.
Што ні з’ява, то сакрэт,
То сакрэт.
Не патрэбен мне пляцак,
Мне пляцак.
У вандроўку рушу так.
Проста так.
А як есці захачу,
У-лю-лю, —
Мыш усюды я злаўлю,
Я злаўлю!
Белая Кошачка ў роспачы.
БЕЛАЯ КОШАЧКА. Скажы, у чым мая віна?
Прызнайся мне нарэшце,
Што ты адзін... І я адна,
Адна на цэлым свеце.
МУРЛЫКА. Не прабачу, не дарую,
Я сябе не пашкадую.
Расстаёмся, так і быць.
Я хачу цябе забыць!
БЕЛАЯ КОШАЧКА. Не крыўдуй, забудзь благое:
Мне так хораша з табою.
Не крыўдуй, твой боль часовы...
МУРЛЫКА. Гэта словы, толькі словы.
Не хачу іх болей слухаць.
Лепей лапай грыву чухаць!
БЕЛАЯ КОШАЧКА. Не крыўдуй! Ты мне патрэбны.
Я люблю твой голас спеўны.
Не крыўдуй, не будзь суровым...
МУРЛЫКА. Гэта словы, толькі словы.
Не пражыць мне без пяшчоты,
Без сяброў і пашаноты.
БЕЛАЯ КОШАЧКА. Не крыўдуй, забудзь благое.
Мне так хораша з табою.
Заставайся! Запрашаю.
МУРЛЫКА. Не хачу і не жадаю!
Мурлыка пакідае родны двор.
ВАНДРОЎНЫ МАРШ
МУРЛЫКА спявае.
Крочу, крочу, крочу!
Са шляху не збочу.
Аты-баты,
Ду-ду-ду, —
Я у Афрыку іду.
Крочу, крочу, крочу!
Лужу пераскочу.
Аты-баты,
Ду-ду-ду, —
Я у Афрыку іду.
Крочу, крочу, крочу
Ранкам, днём і ноччу.
Аты-баты
Ду-ду-ду, —
Я у Афрыку іду!
Крочу, крочу, крочу!
Лужу пераскочу.
Аты-баты,
Ду-ду-ду, —
Я у Афрыку іду.
Лес. Мурлыка крадзецца паміж дрэў.
ГОЛАС. (Нехта плача)
КУРАНЯ. Ціў-ціў-ціў, —
Хачу дахаты,
Да матулі
І да таты.
Ціў-ціў-ціў,
Хачу дадому.
Страшна ў цемры мне,
Малому.
Памажыце, замярзаю.
Памажыце, паміраю.
Памажыце, страшна ў цемры
Мне, малому.
Памажыце, замярзаю.
Памажыце, паміраю.
Памажыце, страшна жыць мне
Без матулі.
МУРЛЫКА. Небарака-куранятка,
Неслухмянае дзіцятка,
Неразумнае бядача,
Заблудзілася і плача.
Ёсць яшчэ на свеце
Дзівы!
Вось настаў ён,
Міг шчаслівы!
З’ем без жалю
Куранятка.
Будзе страўніку
Зарадка.
Певень біў мяне,
Як грушу,
Я адпомсціць злыдню
Мушу.
З’ем,
Тады мы будзем квіты:
Без дачкі ён,
Я — пабіты!
З’ем!
КУРАНЯ. Не еш!
МУРЛЫКА. Чаму не еш?
КУРАНЯ. Раскажу табе я верш!
МУРЛЫКА. Што мне верш,
Як я галодны?
КУРАНЯ. Але ж ты –
Высакародны.
Ты ж за ўсіх катоў мудрэй.
Ты — кароль усіх мышэй!
МУРЛЫКА. Хопіць, хопіць
Крыллем трэсці.
Не хачу цябе я есці.
Я на Пеўня крыўду маю,
Ды адпомсціць як –
Не знаю.
КУРАНЯ. Падкажу!
Не трэба помсціць.
Дабрыню патрэбна помніць.
Згода?
МУРЛЫКА. Згода!
Толькі шкода,
Што сарвалася нагода,
Разлічыцца з забіякам,
Ганарліўцам-задавакам.
Але ж ты – невінавата,
Што ў цябе разбойнік тата.
Ну, давай, ідзі дадому.
Прывітанне Пеўню злому!
КУРАНЯ. Шчыры дзякуй!
Не забуду,
Колькі жыць на свеце буду
Дабрыню тваю і ласку,
Так падобную на казку.
Мурлыка развітваецца з Куранём. На сцежку выбягае Кабан і заступае яму дарогу.
КАБАН. Хавайся ўсе,
Хто тут, хто там,
Хто ў бульбу,
Хто ў аер.
Бо я Кабан,
Бо я Кабан,
Бо я — драпежны звер.
Мае клыкі —
Нібы штыкі,
Не трэба рэвальвер.
Бо я Кабан,
Бо я Кабан,
Бо я — магутны звер.
Маўчаць, галёрка.
Го-го-го!
Дрыжы ў цішы, партэр.
Бо я Кабан,
Бо я Кабан,
Бо я — страшэнны звер.
(Да Мурлыкі)
Стой, праныра!
Ты куды,
Валацуга малады?
Лапы ўгору,
Хэнды хох!
І маўчаць.
Лічу да двох.
МУРЛЫКА. Не да двох, —
Да двух пісьменна.
КАБАН. Цыц! Як цапну, —
Будзе дрэнна.
МУРЛЫКА. Дрэнна, што не ўмееш ты лічыць.
КАБАН. Стой, манюка,
Айн, цвайн, драйн.
Я Кабан Рох-Рох дэ Швайн.
Што хачу, і як хачу.
На трасянцы гергечу.
МУРЛЫКА. Гергетаць Кабан не здольны.
КАБАН. Не пярэчыць!
Смірна! Вольна!
МУРЛЫКА. Слухаюся, тлусты сэр Кабан!
Не чапай мяне, Кабан, —
Воўчая натура,
А зачэпіш —
На тамтам
Пойдзе твая скура.
КАБАН. Стой, прайдоха!
Не ўцячэш.
Захацеў туды,
Дзе лепш?
Хвост на глебу!
Ёшкін свет,
Малдаванскі вінагрэт.
МУРЛЫКА. Вінаград — калі пісьменна.
КАБАН. Памаўчы, бо будзе дрэнна.
МУРЛЫКА. Дзюдзя, трэба правілы вучыць.
Кабан нападае на Мурлыку і Мурлыка ратуецца ад яго на вершаліне дрэва.
МУРЛЫКА. Сяджу на вярхушцы хваіны,
Секунды лічу і хвіліны.
Рута-мята,
Мята-рута,
Цяжка жыць без парашута.
Лета-восень,
Восень-лета,
Цяжка жыць без пісталета.
Спусціцца з хваіны баюся,
Бо злоснага звера
Страшуся!
На хваіну прылятае Бусел з аграмаднымі валізкамі.
МУРЛЫКА. Братка Бусел! Прывітанне!
Ты — маё выратаванне!
Як у Афрыку дабрацца,
Мне няма ў каго спытацца.
БУСЕЛ. Што ты хочаш там рабіць?
МУРЛЫКА. Як то што? Мышэй лавіць,
Малако з какосаў піць,
Каб пра брыдкі двор забыць.
БУСЕЛ. Што ж, Мурлыка, чым магу,
Я табе дапамагу.
А пакуль спачні з дарогі,
Паспрабуй забыць трывогі.
Не журыся, спаць кладзіся,
Толькі з хвоі не зваліся.
Заўтра зранку, любы мой,
Мы сустрэнемся з табой.
Бусел паляцеў. Мурлыка засынае.
КАЛЫХАНКА ДЛЯ МУРЛЫКІ
ХОР. Спі, мой коцік.
Спі, каток,
Спі, мой мілы пестунок.
Люлі-люлі, баю-бай,
Спі, мой коцік, спачывай!
Спі, мой коцік,
Спі, каток,
Залацісты кіпцюрок.
Ноч мінецца,
Знікне цень,
Заўтра будзе новы дзень!
А над лугам –
Дзінь-дзілінь –
Бомаў срэбны звон.
Гэта едзе да цябе
Твой салодкі сон.
Ноч. Зоркі. Жыхары двара дамаўляюцца разыграць Мурлыку. Пераапранаюцца, стылізуюць двор пад Афрыку...
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
На месцы двара “Афрыка”. Пальмы. Каралеўскі палац. Сарока пераапранулася ў Папугая, Певень у Жырафу, Кабан у Насарога, Куры ў Малпаў, Кошачка з Белай зрабілася Чорнай.
У разгары баль.
ПЕСЕНЬКА ПРА АФРЫКУ
ХОР. Афрыка, Афрыка –
Дзіўны кантынент.
Тут усе каты і кошкі
Чорныя ушчэнт.
Афрыка, Афрыка –
Казачныя сны.
Будзяць сонца на світанні
Чорныя сланы.
Афрыка, Афрыка, Афрыка,
Афрыка, Афрыка, Афрыка –
Таямнічы свет.
Афрыка, Афрыка, Афрыка,
Афрыка, Афрыка, Афрыка –
Чорны кантынент.
Афрыка, Афрыка –
Вечны цуд вясны.
Там зімуюць, там сумуюць
Белыя буслы.
Афрыка, Афрыка –
Чорны пуп Зямлі.
Мы цябе стварылі самі
Гэтак, як змаглі.
Мурлыка прачынаецца ад шуму і гучных галасоў.
МУРЛЫКА. Я не ўцямлю, люлі-лю,
Ці то сплю я ці не сплю?
¬
Дзе я?
Мяў!
Што тут за дзікасць?
НАСАРОГ. Вы у Афрыцы,
Ваша Вялікасць!
ПАПУГАЙ. Не патрэбна хвалявацца.
Самы час падсілкавацца.
НАСАРОГ. Ёсць аўсянка.
ПАПУГАЙ. Ёсць прысмакі:
Шынка, вэнджаныя ракі,
Крабы, вустрыцы, салямі,
Шампіньёны у смятане...
НАСАРОГ. Вам — марціні?
ПАПУГАЙ. Альбо сок?
МУРЛЫКА. Малака!
Хаця б глыток.
НАСАРОГ. Гэта ж белая вада,
Натуральная брыда.
ПАПУГАЙ. Малака мы тут не маем.
НАСАРОГ. Мы яго не ужываем.
ХОР. Афрыка, Афрыка, Афрыка,
Афрыка, Афрыка, Афрыка –
Таямнічы свет.
Афрыка, Афрыка, Афрыка,
Афрыка, Афрыка, Афрыка –
Чорны кантынент.
МУРЛЫКА. Хто тут хто?
Бо я сягоння
Не пазнаў усіх спрасоння.
НАСАРОГ. Самы верны вам, дальбог,
Я, дарадчык Насарог.
ПАПУГАЙ. Папугай...
МУРЛЫКА. Глядзішся хіла...
НАСАРОГ. Ён замежных спраў цямніла.
МАЛПЫ. Афрыканскія прынцэсы!
Любім мы дэлікатэсы.
Для гасцей прыгатаваны
І какосы і бананы.
МУРЛЫКА. Гэта хто? Ой, мама, мама!
Хто такі увесь у плямах?
ЖЫРАФА. Даўганогая Жырафа,
У мяне мянушка Марфа.
ХОР. Афрыка, Афрыка, Афрыка,
Афрыка, Афрыка, Афрыка –
Таямнічы свет.
Афрыка, Афрыка, Афрыка,
Афрыка, Афрыка, Афрыка –
Чорны кантынент.
НАСАРОГ. (Урачыста)
Чорная Кошачка — зорка пустыні.
Вас раўнадушным яна не пакіне.
Чорная Кошачка танчыць з какосам і спявае.
ЧОРНАЯ КОШАЧКА. О, какос, ты смаката!
О, какос — мроя Ката!
Ад спякоты парыжэлы,
О, какос, какос мой спелы,
Ты ласунак-смаката для Ката.
МУРЛЫКА. Брава! Быў бы я паэтам, —
Напісаў бы я раман-с.
Заспяваць бы нам дуэтам!
Самы час і самы раз.
ЧОРНАЯ КОШАЧКА. Я не супраць!
Ды, здаецца,
Леў на гэта раззлуецца.
МУРЛЫКА. А дзе той Леў?
Ён, што тут, Цар?
НАСАРОГ. Ён — цэлай Афрыкі ўладар.
МУРЛЫКА. А хто ж тут я,
Спытаць дазволь,
ХТО я такі?
УСЕ ЗВЯРЫ. Вы — наш Кароль!
ЧОРНАЯ КОШАЧКА. Наша сонца Вы і наш Вы месяц.
Мы чакалі Вас гадоў мо з дзесяць.
МУРЛЫКА. А краіна у вас тут якая?
НАСАРОГ. Яна назвы пакуль што не мае.
МУРЛЫКА. Непарадак, аднак.
Не пакіну я так.
Я, Кароль з Каралёў наймудрэйшы.
(Гучна, каб усе чулі)
Кот Мурлыка
Цяпер — Мурла Першы.
А краіна мая — гэтак думаю я —
Раз я Мурла, то, значыць, —
Мурляндыя!
ПЕСЕНЬКА ПРА МУРЛЯНДЫЮ
МУРЛЫКА спявае.
Мая чароўная Мурляндыя,
Ты мроя, мроя ўсіх Катоў.
Тут нават птушкі, птушкі мяўкаюць,
А мышы, мышы –
Пагатоў.
Мая чароўная Мурляндыя,
Пяю табе, табе — Мур-мур.
Любоў, любоў мая сапраўдная —
Лямур, лямур, лямур, лямур.
Чароўная Мурляндыя,
Кароль твой мужны я.
Радзімая,
Адзіная.
Бясконцая мая!
Мая чароўная Мурляндыя
Цяпер паўсюль, паўсюль, дзе я, —
Краіна вечнай, вечнай радасці
Мур-мур-мур-мур-мурляндыя.
Мая чароўная Мурляндыя,
Тваю красу, красу-зямлю –
Мур-мур, спякотную і родную –
Усёй душою я люблю!
Мурлыка прымярае карону. Яму падабаецца быць Каралём.
ПЕСЕНЬКА МУРЛЫ ПЕРШАГА
МУРЛЫКА спявае.
Мурла Першы –
Самы лепшы.
Адкажыце: так ці не?
Добры, шчыры, далікатны.
Гэта праўда?
ХОР. Не-не-не!
Мурла Першы –
Самы лепшы.
Адкажыце: так ці не?
Мудра правіць,
Край свой славіць.
Гэта праўда?
ХОР. Не-не-не!
Мурлыка патрабуе малака. Яму падаюць какос.
Аднак ён не можа раскалоць яго. Разгневаны Мурлыка шпурляе какос у Малпу.
МУРЛЫКА. Здыхлік шэры,
Прэч за дзверы!
Насарогі,
Прэч з дарогі.
Гэй, змяюкі і гадзюкі.
Пакусаю вас я, злюкі!
Буду жорсткім, буду злосным,
Каралём надзвычай грозным.
Хай мяне баяцца жабы,
Кракадзілы, баабабы.
Перастану сам я мяўкаць.
Як сабака, буду гаўкаць.
НАСАРОГ. Мурла, ты нас не няволь.
Вельмі жорсткі ты Кароль.
Ты страшней, чым алігатар.
Ты — сапраўдны узурпатар.
ПАПУГАЙ. Леў цябе не пашкадуе,
Як пра нораў твой пачуе.
У суправаджэнні варты з’яўляецца Леў.
ПЕСЕНЬКА ІЛЬВА
На сонцапёку не сяджу,
Сяджу пад сховай дрэў.
Бо я кароль,
Бо я кароль,
Бо я магутны леў.
Я чорнай Афрыкі ўладар.
Ты не будзі мой гнеў,
Бо я кароль,
Бо я кароль,
Бо я магутны леў.
Няхай лунае навакол
Мой рык,
Мой роў,
Мой спеў.
Бо я кароль,
Бо я кароль,
Бо я магутны леў!
ЛЕЎ. (Абураны)
Вось ён
Гэты Кот лядачы,
Што давёў звяроў да плачу!
Покуль я на паляванні, —
Ён заняў
Мае ўладанні.
(Злосна)
Лежабоку,
Гультая
З’ем яго за гэта я!
Пакрамсаю на шматкі,
Раз нахабны ён такі.
Мурлыка спужаўся, просіць прабачэння.
ПЕСЕНЬКА ПРА ЛІТАСЦЬ
МУРЛЫКА спявае.
Ваша Каралеўская Вялікасць,
Спадзяюся я на Вашу літасць,
О, Кароль, прашу тваёй спагады.
Быць на троне я і сам не рады.
Ваша Каралеўская Вялікасць,
Ваша абыякавасць і сытасць,
Вы мае правіны мне даруйце,
Пашкадуйце,
Калі ласка,
Пашкадуйце!
Каюк, каюк, каюк, — кажу я з болем.
Мо, гэта лёс, а, можа, проста глюк.
Не быць мне каралём ніколі болей,
Таму што мне — каюк, каюк, каюк!
ЛЕЎ. Пакараць цябе не штука,
Іншым прыклад і навука.
Хто рашыцца — для прыліку —
Заступіцца за Мурлыку?
Ці зрабіў хвалько харобры
Хоць адзін учынак добры?
Гаварыце без махлярства,
Паважанае спадарства.
Цішыня. Чуваць, як б’ецца сэрца Мурлыкі.
МУРЛЫКА. Гэй, хто-небудзь,
Дзе вы, дзе?
Кракадзілы у вадзе.
Калі я туды ўпаду, —
Сто працэнтаў прападу!
Чыкі-брыкі,
Брыкі-чмых!
Засталося жыць мне —
Міг!
Ніхто не заступаецца за Мурлыку.
ЛЕЎ. Што ж, казаць няма ахвотных.
Значыць, злосны ты і шкодны.
Адпраўляйся без сумнення
Кракадзілам на з’ядзенне.
МУРЛЫКА. Вось і ўсё, усё, усё.
Завяршаецца жыццё.
Мой зямны кароткі шлях
Абрываецца...
Ах, ах!
Мурлыка плача. Праз плач ледзь чутны крык Кураняці.
КУРАНЯ. (Да Ільва)
Пачакайце!
Не карайце
Без віны і без падстаў.
Ён мяне ад лютай смерці
Дзень таму
Уратаваў.
Ён мой сябра самы верны,
Абаронца мужны мой.
Вы паверце мне на слова,
Ён — герой!
ЛЕЎ. Герой?
КУРАНЯ. Герой!
Ён не злосны,
Ён не шкодны.
Ён якраз наадварот:
Самы шчыры, самы добры,
Самы чулы
Мілы кот!
ЛЕЎ. Калі так, то на абед
Аддаваць цябе не след.
Ты — узор для ўсіх катоў.
Дык жыві!
Хоць сто гадоў!
МУРЛЫКА. Не думаў я і не гадаў,
Калі цябе я ратаваў,
Што ты калісьці, нібы ў сне,
Замовіш слова за мяне.
(Да звяроў)
Каго пакрыўдзіў я, — прабачце.
Я плачу сам, а вы — не плачце.
Ад пранікнёных цёплых слоў
Хачу дамоў, хачу дамоў!
ЧОРНАЯ КОШАЧКА. Дамоў, дамоў... А дома — што?
Праблем нявырашаных сто.
Пабудзь са мной, мой матадор.
Забудзь навек свой брыдкі двор.
МУРЛЫКА. Забыць бы рад, ды не магу
Свой брыдкі двор, сваю тугу.
Там сто праблем і сто сяброў.
Хачу дамоў, хачу дамоў.
(Заплюшчыўшы вочы)
Там Кошачка — белая-белая,
Мая прыгажуня нясмелая.
Прынцэса мая сарамлівая.
Яна без мяне нешчаслівая.
Я, кот, няшчаснейшы з катоў.
Хачу дамоў, хачу дамоў!
БУСЕЛ. Хопіць слёзы ліць, Мурлыка.
Тут такая закавыка:
Калі любіш край свой родны,
Калі болей ты не шкодны,
Памагу табе, нябогу,
Адалець дамоў дарогу.
(Ціха)
Раз, два, тры!
Заплюшчы вочы.
Паляцім праз цемень ночы,
Паляцім, забыўшы стому,
З цёплай Афрыкі —
Дадому!
ПЕСЕНЬКА ПРА ЧУЛАЕ СЭРЦА
БУСЕЛ спявае.
Не рабі нікому дрэнна,
Дрэнна не рабі!
І слабога, і малога –
Як сябе любі!
Чулае сэрца,
Шчырыя словы
Грэюць цяплей,
Чым вятрыска вясновы.
Чулае сэрца,
Шчырыя словы
Грэюць цяплей,
Чым агонь вечаровы.
МУРЛЫКА. Мы ляцім?
БУСЕЛ. Ляцім, вядома.
Да змяркання будзем дома.
Пралятаем над Суданам,
Над плацінаю Суэцкай,
Над Бахрэйнам, над Амманам,
Над сталіцаю турэцкай.
Страшна?
МУРЛЫКА. Не-е!
Хіба што крыху.
БУСЕЛ. Ты глыбей, Мурлыка, дыхай!
ХОР. Не рабі нікому кепска.
Моцна раніць зло.
Так рабі, каб анікому
Кепска не было!
БУСЕЛ. У Балгарыі спякота,
У Румыніі дажджы...
МУРЛЫКА. Братка, Францыя далёка?
Як убачыш — пакажы!
БУСЕЛ. Што там Францыя?!
Еўропа пад маім крылом плыве.
А-я-яй!
МУРЛЫКА. А што, а што там?
БУСЕЛ. Жабы скачуць у траве.
ХОР. Чулае сэрца,
Шчырыя словы
Грэюць цяплей,
Чым вятрыска вясновы.
Чулае сэрца,
Шчырыя словы
Грэюць цяплей,
Чым агонь вечаровы.
БУСЕЛ. Польшча! Любая суседка.
Бардзо пенкная здаля.
Брэст! Дзяржаўная граніца,
Беларуская зямля!
Кобрын, Ляхавічы, Стоўбцы...
Дзед Талаш плыве на лодцы.
МУРЛЫКА. Мы ляцім ля самых зор!
БУСЕЛ. Прыляцелі.
Родны двор!
Вось і ўсё. Расплюшчвай вочы.
Ты, Мурлыка, класны лётчык.
МУРЛЫКА. Гэта цуд!
БУСЕЛ. Мая работа!
МУРЛЫКА. Прэч вандроўная самота!
Дома я!
Нарэшце дома.
Родны двор і родны гоман.
Так усё тут сэрцу люба:
БУСЕЛ. Малако, смятана, бульба.
МУРЛЫКА. І паўсюль — мае сябры.
Добра! Што ні гавары!
Праўду, Бусел,
Ты казаў.
Я цяпер і сам спазнаў:
Лепей
Добрым быць катом,
Чым няўдалым Каралём.
Вось цяпер і мне вядома,
Лепш няма нідзе, як дома.
Бо ў сапраднасці, дарэчы,
Мур-мур, Афрыка — на печы!
На сцэну вырульвае адрамантаваны аэраплан — падарунак Мурлыку ад яго сяброў. Яны скідаюць афрыканскія ўборы, прыбіраюць двор і вітаюць Мурлыку. Яны зноў разам.
ПЕСЕНЬКА ПРА СЯБРОЎ
Спяваюць усе.
Мае сябры, мае сябры,
Калі бяда ці гора,
Я клічу вас, я клічу вас,
Бо вы – мая апора.
Трэба так на свеце жыць,
Каб ніколі не тужыць.
Бо жыццё ўсяго адно,
Бо кароткае яно!
Мае сябры, мае сябры,
Не можа быць іначай:
Дзялюся з вамі, з вамі я
І шчасцем і удачай.
Трэба так на свеце жыць,
Каб ніколі не тужыць.
Бо жыццё ўсяго адно,
Бо кароткае яно!
Мае сябры, мае сябры,
Прагонім прэч трывогу.
Паклічце толькі, і прыйду
Я вам на дапамогу.
Трэба так на свеце жыць,
Каб ніколі не тужыць.
Бо жыццё ўсяго адно,
Бо кароткае яно!
ЗАСЛОНА.
Свидетельство о публикации №106103100514
от музыки белорусского языка.
Спасибо, дякую, дзенькую.
Борис Ковалев Чернобыльский 01.02.2023 17:17 Заявить о нарушении