Я шчасце на руках сваiх трымаю...
Яно мяне за шыю абдымае,
Дзiця маё, мой хлопчык, мой сыночак.
Глядзiмся мы адзiн другому ў вочы.
Гляджу я на сябе яго вачыма,
I крок зрабiць няверны немагчыма,
I нельга апусцiць бязвольна рукi.
Хрыстос паможа вынесцi ўсе мукi!
I зноў у берагi жыццё увойдзе.
Ну як тут гаварыць мне аб разводзе?!
Каб мой сынок не зведаў слёз сiрочых,
З мальбою заглядаю небу ў вочы!..
I я ж такi маленькi быў калiсьцi,
У бацькi на руках – як хлеб на лiсцi.
I зараз усплывае мне нярэдка:
У бацькi свой адбiтак бачу ў зрэнках...
Я шчасце на руках сваiх трымаю.
Яно мяне за шыю абдымае,
Дзiця маё, мой хлопчык, мой сыночак.
Глядзiмся мы адзiн другому ў вочы...
Свидетельство о публикации №106073000660