Пяхота
I ў цэнтры Еўропы
Iваны, Пракопы
Капалi акопы.
Падчас на Каляды
Парой на Купалле
Пад неба паглядам
Акопы капалi.
Знаходзiў бывала
Капаючы, хтосьцi
Мiнулай навалы
Салдацкiя косцi.
I гнулася зноў жа
Дадолу пытанне:
Акоп гэты, можа,
Магiлай мне стане?
Лячылiся жартам
Ад скрухi, знямогi:
- А раптам ёсць скарб тут
У фонд Перамогi!
- Капайма, пяхота, -
Акопiны будуць!
Яшчэ каля хаты
Капаць будзем бульбу!..
Падчас на Каляды,
Парой на Купалле
Пад неба паглядам
Акопы капалi,
У цэнтры Еўропы,
Й на ўскрайку Еўропы
Капалi акопы
Вайны далакопы!
Свидетельство о публикации №106073000580