О свежых стружак ап янелы пах...

О свежых стружак ап’янелы пах!
Шалёўку Міся гломзае пры хаце.
А ў хаце
 па слаях шпалераў
 што
Я абарваў,
Гады тасуе маці!

Маланкай думка сцёбае!
І зноў
Грымотна малаткі ў нас лямантуюць!

А ў вёсцы – вохці-і
- Віктарышын сын
Прадаў карову, хату рамантуе!
- Жаніцца, пэўна, думае ізноў!
- Але, глядзі, якую дзеўку страціў!
- Навошта той рамонт яму,
 калі
Ад’едзе ў горад, жыць не будзе ў хаце?!

А мама:
- Добра, сынку, хай глядзяць!
І я сабе:
- Ну, брат, як хочаш майся,
Трымайся справы,
Раз узяўся ўжо,
Як за штаны,
Не ўпалі каб,
Трымайся!

Мая хатуля!
Цяжка ўжо даўно
Было мне слухаць,
Толькі што папішаш,
Як скрэбліся ў шпалерах у адно,
Як на душы тваёй збалелай,
Мышы!

Мая хатуля!
Цяжка мне даўно
Было глядзець,
Што ты і у нядзелю,
Як вокам на мяне крывым,
Акном,
Як зараз часам мой сусед глядзела!

Ды што я мог, мурзатая сапля,
У золкай хліпкай восені пад носам?!
Ды што я мог такога,
 акрамя
Як вёдры, дзе страха цякла, падносіць?!.

А зараз ты ўжо хутка у мяне
Зірнеш на свет фарсухай-весялухай!
Хто шапку зняў, мяне каб прывітаць,
А нехта - каб патыліцу пачухаць!

Бо зараз, брат, зусім не той фасон!
Усмешкай мамін твар памаладзіўся:
- А вось шпалеры гэтыя у нас
Былі,
Як ты, сыночак, нарадзіўся!


Рецензии