Cлова пра слова
Як на чужым стаяў,
Ледзьве стаяў я часта...
На развітанне
я
Слова Вам даў
на шчасце.
Ласкай нябёс
На нас
Хмарка вярбой звісала...
Мне Вы тады
ў адказ
Слова далі –
таксама.
Добра, што маю я
Слова,
што сілу мае.
Слова стрымаю я –
Слова мяне стрымае.
Нават калі я
ліст
Восеньскі
атрымаю,
Мо не стрымаю слёз –
Слова, аднак, стрымаю.
Многа прыгожых слоў
З вуснаў маіх злятала.
Гэта ў мяне ўрасло
Слова,
што целам стала!
Што нам пакажа час?
Што добры час нам скажа?
Як ён не ўважыць нас –
Нашых двух слоў не звяжа?!.
Свидетельство о публикации №106072200533