У нядзелю па дэмабiлiзацыi
Францішкі Іосіфаўны
1.
Прачнуўся.
Хутка прагучыць: пад’ём!
А сніў: за мною старшына ганяўся!
О, бог мой-старшына,
Я ж дома!
І
са мной з пасцелі
Мой настрой падняўся!
Ў акно зірнуў.
О, як жа там дымам
Вальготна перад раніцай
Крыўляцца!
І пры святле зары ружовым
Зноў
пайшлі ў мяне ўспаміны праяўляцца!
Ды мама дзе ж?
Ага, на кірмашы.
Казала, парасят набыць зноў хоча,
Баіцца, што цана на іх пасля,
Ад радасці нібыта,
Зноў падскочыць!
А што казала мама мне зрабіць?
Патрэбна зазірнуць найперш, вядома,
У хлеў,
Бо для каровы нашай ён
Не больш не менш
А стане... ну... роддомам!
Зірнуў.
Пазнала!
Толькі вось калі
Святочны дзень ёй,
То яшчэ, брат, шэра!
Цікава,
Давядзецца мне ці не
Пабыць пры ёй, як колісь,
Акушэрам?!
А што яшчэ зрабіць патрэбна мне?
Нічога больш здаецца, як ні думаў.
Чакала вось, зязюленька, сынка
І бач яшчэ ты, зёланька, шкадуе!
Ды не,
Твае ўжо слёзы асушу,
Як ты свае гады на ўдоўім лісці.
Дарэмна, што ў дзяцінстве я не раз
Табе слёзатачывым быў калісьці!
Так чым жа прычасціць мне свой настрой
Што стол расцалаваць гатовы нават?!
Зноў вершаў павяршыць?
Ды: стой!
Адставіць!
Хай сёння хоць адстануць ад мяне!
У арміі ці мала пабалелі?!
Мне ў заднікі б’ючы,
За мной ішлі
Не раз яны услед:
Напр-рава! Левай!
Паспею.
Напішу.
Адно б душа
Жыла па вершах!
Ну а не захоча,
Няхай тады мяне пісьмовы стол
Нагамі забрыкае
І растопча!
І гэта я паспею,
Не гані,
Душа!
Вядома, маладая
хоча
Хутчэй пачуць дзявочы сыпкі смех,
Што ў вёсцы дзесь нябесна жаўрукоча!
А той, святой мне некалі,
Скажу,
Калі сустрэну вечарам, магчыма:
На бліжняе святло хоць пераходзь,
Не асляпляй, праходзячы, вачыма!
А то па вушы ўрэжуся ізноў!
Ды толькі што ёй зараз, маладусе!
Няўжо ізноў ад холаду ў душы
Зайдуся...
Ўзяць жыгучай
У бабусі?!
Ды што я гэта ўжо стаў вешаць нос?
Няўжо ён у мяне такі ўжо важкі,
Што цягне ўніз яго?!
Вось зараз друг
Аднафамілец цёзка мой
Уважыць
Мяне сваім візітам
І тады,
Нібы ў квадрат узведзены я стану!
Ну а пакуль – ідэя!
На прыезд
Прыдумаю блінцоў з яечняй
Маме!
2.
Ну вось і давялося, наша печ,
Ізноў расцепліць мне з табой размову!
Скажы,
Якія думкі ў галаву
Табе стралялі раніцай зімовай,
Калі вятры ўздымалі мяцяжы,
А неба і з аўчынку не убачыш?
Калі Зямля – з далоні на далонь
Мяне,
Як вугалёчак твой гарачы!
А сёння,
Быццам хлебную дзяжу,
Што на табе стаяла,
Распірае
Мяне такая радасць!
Толькі ты
Штось вельмі ўжо маркотная,
Старая?!
Ах, зубы забалелі!
Што дзівіць.
Шмат год прайшло –
Калі з цябе са свістам
Не раз я падаў!
Бачыш, вось і ты
Была у маладосці наравістай!
Але сваім дрымучым кажухом
Мяне укрыўшы,
Ты мне і гадзіла,
Калі прастуда восенню не раз
Мяне маёй рукой за нос вадзіла!
Таму за цеплыню тваёй душы
Ізноў прыемна паўтарыць табе мне:
Ты добрая, мая старая печ,
Ты добрая, хоць... з чорным паднябеннем!
Вось ты і весялейшая ужо!
Глядзіш і ўратаваў цябе ад згубы!
Які з мяне зубны урач?
А так
Табе загаварыў я сёння зубы!
Дарэчы, толькі-толькі і паспеў:
Брукоча ўжо ў дзядзінец наш падвода!
На ганак выбягаю:
Мама!
Спеў
Жаўранка!
Падольцы!
На-заў-сё-ды!!!
1981
Свидетельство о публикации №106071801310