Калядны верш

Набожна я складаю гэты верш
Далонямі ў малітве,
Бо такая
Згарае сёння свечка у душы,
Што воск не застываючы сцякае
З вачэй маіх!

Маленства ж час святы –
На покуці душы маёй праўдзівай:

Вось маятнікам порстка на сцяне
Памахвае гадзіннік,
Як кадзілам,
І набліжае час куцці!

Браты
Ад маці нахапалі клёцак-зорак:
- А ну ўгадай!

А у сям’і нас – цот,
А у сям’і не лішка нас – шасцёра!

Нам з Франусем найменшым –
Мак малоць.
Мы ж мелем,
Як ваду таўкуць у ступе!
Гаворыць мама:
- Ў печы пірагі
Расці не будуць,
Годзе, дзеці, стукаць!

- А ну, сынкі, па лета ў пуню хто –
Пакласці пад настольнік? –
Кажа тата.

Бяжым.
Катом сібірскім каля ног
Завея трэцца,
Просячыся ў хату!

- Ну што, пара! –
Нібы зара,
Кісель
Усіх світальна за сталом яднае.

Разумны,
Бо матулінай рукі
Вядома мне навука прыкладная,
На божыя партрэты, як усе,
Жагнаюся,
А вочы – ну! – смяюцца:
Кругі мне над галовамі ў святых,
Як з Вільні, абаранкамі здаюцца!..

...Мне сёння нават цёпла ад таго.
Малыя ж мак таўклі мы камарамі
Перад куццёй
Вядома на цяпло!

І свечка у душы маёй згарае...


Рецензии