Брату Фрэдзю

Жартуем:
- Хоць ты, праца, і не воўк,
Ды ў лес для нас ты сёння уцякаеш!
Нібы вясковых бойкіх вастракоў,
За пояс мы сякеры затыкаем!

Світае.
Дзесь на Бабінай гары
Чуваць над нівай трактар клапатлівы.
Хвалюючай дарогай палявой
З табой размову мы вядзём шчасліва
У Дубравы,
Дзе зябкае тваё
З малінніку маленства паглядае,
Каровак там вясковых пасучы
І – божых, што на вопратку сядаюць.
Глядзі ты ўжо памочнік у бацькоў!
Мяне ж на ногі трэба неяк ставіць.
Бо гэта ўжо чацвёрты я у іх
Вазонам на гаршчэчку расцвітаю!

Пасля ж, калі наш бацька адыйшоў
У вечны свой начлег, - любіў ён коней, -
Стараўся ты як мог,
Каб я адзін
Вавёркай не круціў сячкарні кола.

У Вільню часам вёз,
І прымяраў
Абновы мне.
Аднекваўся я.
Дзе там!
А сам жа,
Сам жа некалі хадзіў
З іголачкі нішчымніцы адзеты!

І ўсё казаў: “Вучыся”.
І глядзеў
У дзённік, бы ў душу,
І мне балела, -
Мая да матэматыкі любоў
Дрыўніцкага “каламі” акалела!

Што вырасту я гледзячы на лес,
Загневаўшыся, мама бедавала.
Ды вырас я
Больш гледзячы на сад,
Пасаджаны табой
І ўзгадаваны...


Рецензии