Рой

Уджаляць пчоламі парой
Мяне дзяцінства успаміны:
На нашай яблыні старой
Гудзе трывожна рой пчаліны.

На сук прысеўшы перад тым
Як нашу пасеку пакінуць,
Клубамі ўзняцца, быццам дым,
З вачэй праз нейкі момант знікнуць.*

Я дымакур хутчэй нясу,
А мама - рэшата.
Нарэшце
Набраўся смеласці, трасу
Той з роем сук
І рой – у рэшаце!

Накрыўшы рэшата ураз,
Я адчыняю новы вулей,
І рой – туды.
- У добры час
Спраўляйце наваселля гулі!

А мама кажа:
- Бог памог.
Так атрымалася ў нас спраўна.
Каб гэта бацька ўбачыць мог,
Які ўжо сын пчаляр сапраўдны!..

...Не стала пасекі даўно –
Вясёлай вёсачкі пчалінай,
Аднак бывае: раптам зноў
Уджаляць пчоламі ўспаміны...


*Калі пчаліная сям’я разрастаецца, пчолы заводзяць яшчэ адну матку і з ёй палавіна сям’i, прыгледзеўшы сабе новае месца жыхарства, пакідае вулей, спачатку прысеўшы вялікім клубком на бліжэйшае дрэва.


Рецензии
зДоРОВО! тАК ИНТЕРЕСНО ЧИТАТЬ НА БЕЛАРУССКОМ!
Знаю расский, украинский и польский, и беларусский понятен, как родной. СПАСИБО, Стас!!!
С уважением, Валентина

Валентина Черняева   26.06.2006 16:51     Заявить о нарушении
Спасибо, Валентина, что не забываете!

С уважением, Станислав.

Станислав Володько   18.07.2006 12:29   Заявить о нарушении