Майго дзяцiнства сенажаць
Прыйшлі мы з мамай сена жаць.
Са мною роўная трава
Шугае ў гаі
Крапіва!
І мне прыемна, што яна
За канюшыну будзе нам
Да балаціны дамяшаць
Зімой скаціну суцяшаць.
- Мо лепш было б яе касіць?
- З касой тут рады не дасі.
Нідзе не дзенешся – цярплю,
Сярпом сагнуўшыся, сярплю.
Дзень сонца жар разварушыў.
Зірнуў: аблокаў – ні душы.
Хоць плач,
Калі жаданне ёсць:
На твары пот не выдасць слёз.
Ды мама жніўную пяе –
Аж гай заслухаўся яе!
І вось пачуў:
- На сёння до –
Усохне - будзе сем пудоў...
Нібы праз вопратку тады,
Яшчэ смыліць мне праз гады
Майго дзяцінства сенажаць.
Прыйшлі мы з мамай сена жаць.
І часта ўсмешкаю кране –
Што аніколічкі мяне,
Хоць быў я неслухам парой,
Не біла мама крапівой.
Свидетельство о публикации №106062601636