Мне салодка i горка...
Дзяцiнства прыснiцца,
Тыя сцежкi-дарожкi,
Дзе бегаў малым,
Дзе ў паветры стаялi
I слодыч i горыч,
Дзе з прадвеку буялi
З медунiцай палын.
Мурагу там лагоду
I колкасць iржышча
Буду помнiць нагамi
I на ўскрайку жыцця,
I ў вачах маiх будзе –
Тое неба заўсёды,
Над дзiцём дзе кружылi
То груган, то бацян.
Невядомаю сiлаю
Цягне чаму так
Там пацiху прайсцiся,
Дзе бегаў малым,
Дзе спрадвеку буялi
На радасць i смутак
Медунiчныя зоркi
I зорка Палын...
О, дзяцiнства маё,
Ты – маё залацiнства:
Медунiчна было мне,
Бо мацi жыла.
О, дзяцiнства маё,
Ты – маё сiрацiнства:
Мне палынна было –
Бацьку смерць узяла...
Свидетельство о публикации №106061800555