Цi, можа, здалося...
Што зваў мяне хтосьцi?
Агледзеўся:
Восень
Старая –
У госцi.
Здалёку вiтае,
Махае, кiвае
I слёз не хавае
Вяшчунка сiвая.
Хоць восень старая,
Душой не глухая:
Мяне дакарае,
Глыбока ўздыхае,
Што ўжо на радзiме
Я быў даўнавата,
Што мама i хата
Глядзяць вiнавата,
Чакаюць:
Павiнны
Шляхi-пуцявiны
Прывесцi мяне
Да сваёй пупавiны .
Журбой спавiвае,
Цiхутка спявае,
Мне восень
З маленства
Ўспамiн навявае.
Нiбы немаўля я,
Мяне замаўляе,
Ах, восень-шаптуха, -
Мая павiтуха!
Мая дарагая,
Хоць позняя госця.
...Няўжо мне здалося,
Што зваў мяне хтосьцi?
Свидетельство о публикации №106061301898