Я не чакала iншага...
Ад гэтай ночы –
Крочыць
Па коўзкiх лесвiцах,
Вядучых у сьвятло
Падземцы,
Ехаць
Ад прыпынку да прыпынку,
Выходзiць зрэдку
Зазiрнуць у вочы
Халоднай цемры…
Зноў кудысьцi ехаць.
Нарэшце
Апынуцца ў незнаёмай
Мясцовасьцi,
Дзе не была стогод.
Дзе ўсё цяпер ня тое…
Лiхтары
Выкрысьлiваюць iншыя будынкi,
I ўсе шляхi вядуць наадварот –
Не ў панадворкi, у якiх гуляла,
А ў нейкiя глухiя тупiкi…
Мiнулае
Чамусьцi панавала
На мутных чорна-белых фатаздымках
Замест таго,
Каб цiха адысьцi
Ў правалы часу, памяцi i зроку.
…Нiбы жыла ня побач,
А здалёку
Прыехала дзяцiнства памiнаць,
Шукаць той сьвет,
Адкуль калiсьцi зьбегла,
Шукаць сьляды,
Што рассмактаў асфальт…
Навошта мне
Мая жа процiлегласьць?
Яна памерла колькi год назад.
Яна – дурное, сьмешнае дзяўчо…
Я ёй была?
Ня ведаю.
Ня помню.
Хлусiць навошта?
Так, мне ўжо ўсё роўна.
…Але я тут.
Прыйшла, нiбы злачынца
Па доказы
На месца, дзе забiў.
I, як i ён,
Пазнаць ня ў стане месца.
…Цяпер патрэбна мне
Дзве рэчы зьдзесьнiць:
Дадому вернуцца
I шлях сюды забыць.
Свидетельство о публикации №106031401015
Дмитрий Дрозд 20.05.2006 11:38 Заявить о нарушении
Хеллар Хьярта 26.05.2006 20:43 Заявить о нарушении