Кветкi i песнi. Бясконцая кнiга вершау

ПАЭЗІЯ

У абдымкі твае - дадому -
Вяртаюся зноў і зноў.
Я ніколі не мог растлумачыць нікому,
Што такое дабро і любоў

і чаму так балюча мне, калі ўвосень
Птушкі збіраюцца адлятаць,
Крычаць, а мне падаецца - просяць
Аб нечым.
Не, не пра тое хачу сказаць!

А пра тое, што ёсць ува мне нешта,
Што не змяшчаецца ува мне.
Яно жыццё прасейвае рэшатам
Слоў.
Яно плача ў маім сне.









***

Барані мяне, Божа, ад рабства
І ад ісцін, што сплылі тлушчам.
Ад упэўненага нахабства.
Ад стабільнага раўнадушша.

Дай мне сіл не сцярпець абразы,
Адгукнуцца на боль – любоўю.
Я жывы ў гэтым мулкім часе
Толькі вераю
Адною –

Што ваяр Георгію роўны,
Калі б'ецца дарэшты за Волю,
За сапраўднае – за край свой родны,
За новую рунь на спустошаным полі.






СУСВЕТНЫ ВЕРШ

Гэтая замець мне Вершам Сусветным няспынным
Падаецца, калі я стаю над Пінай.

І ў Ім - анічога майго.
Я толькі зрэдзьчас спрабую глядзець на Яго.









Фрагмент рэчаіснасці

Прысвячаю Алесю Сцяпанавічу Разанаву


[...]Я іду па замглёнай вадзе чалавечых ілюзій

На маім языку палае і курчыцца
рэха святых імёнаў

Кожным крокам наступным я ўтоптваю ў бездань
свой жахлівы адбітак

Але кожнага разу вяртаецца ён
яшчэ больш дасканалым ва ўласным чарноцці [...]






**

І гэты вось снег нетаропка-радасны
Будзе жыць, калі нас не будзе.
Не павісне ў паветры, як слова пустое і пафаснае –
увасобіцца ў людзях

бо ёсць яшчэ недзе ўнутры нас

І праз сотню гадоў будуць кідацца снежкамі дзеці
І, "атрымаўшы", равець і размазваць пальчаткамі слёзы
А дарослыя - усё так жа трапляць у бясконцыя пасткі і сеці
І лаяцца злосна

але ці ведае хто з іх,…

Танчаць сняжынкі свае бела-белыя танцы,
Нібы секунды, што поўняць свет
Попелам мар і падзей, назвамі зніклых за павароткаю станцый

Давай з табой ператворымся ў гэты няспынны снег.
Давай з табой ператворымся ў гэты няспынны снег.





***
А можа й не было ніколі
гэтых
рамантызмаў і мадэрнізмаў?
А проста
самотны сядзеў чалавек
і губы кусаў,
...........і пісаў...

… А потым
думаў у роспачы:
“Зноў нейкае абы-што…”







СМЕРЦЬ

Сонечны ранак
Дворнік зграбае лістоту

Нешта завершылася
Свята скончылася
..І ўсе
.......сышлі

І толькі

Гаспадар

Мяце з дываноў
Канфеці

П’янкі пах праветранага памяшкання







***
Раскрыў акно і моўчкі запаліў.
І па пакоі халадок паплыў –

Прабраў мяне ажно да “мурашоў” па спіне.
Гляджу ў акно, а на стале гарбата мае стыне.

Гляджу ў акно. За шклом – зялёна-жоўты сад.
І долу ліст плыве, і немажліва апісаць

Ягоны рух, ягоны колер…
І некуды за ім плывуць мае ўспаміны мімаволі

Пра спрэчкі, пра бясконцыя размовы,
Пра сотні твараў й агаламшальныя высновы

Уночы, пры святле настольнай лямпы…

Цішэй... цішэй... -
 ..падае ліст на зямлю!..







AMELIE

...........Кацярыне К.

Гармонік восені
праспяваў
караценькую песеньку
пра павуцінне
Ў тваіх валасах

У тваіх валасах
блукаў вецер слоў
але так і
зляцеў
ні з чым

Але

назаўжды
Amelie
твае пальцы халодныя
на вуснах маіх

Маўчу







***
У раме акна –
Дрэва і неба –
Свет, народжаны
Святлом,
Брудным шклом
І маім позіркам.

Гэты свет застанецца.








***
І калі расчынілася Брама Нябёсаў
Асляпіла залотаю хвалі травы,
Я ўсе раны свае да Яе папрыносіў –
Злыя краскі жыцця, рэха словаў старых.

І сказаў: “Забяры ад мяне маю хіжасць,
Ліпкі сум і бязмэтную рытміку жыл,
Каб забыўся на морак, каб нібы не жыў,
Каб забыўся на морак,
Забыўся на морак!!!”

І тады усміхнулася хмара нябёсаў,
І тады зачынілася Брама Нябёсаў...

– Да
сустрэчы..
 







***
............Светлай памяці
............Міколы Купрэева
............і Алеся Емяльянава

Мятлік зляцеў з далоні.
Вершык зляцеў з душы.
Ветрам, ад слёз салёным,
Лістам у чорнай мжы
Стаўся.

......І адарваўся.
І назаўсёды знік
У цішыні авацый
Аркушаў сціплых кніг.










***
У тлуме дзён
Выцягваю з кішэні
Іконку сваёй душы
Разглядаю,
дакранаюся асцярожна
Ды зноўку хаваю ў кішэнь

...Падыдзе яшчэ хто-небудзь,
...Пачне тут..











***
..........Я.Манцэвіч

Пад каларытам неба –
Гурба снега.
Рэха –

Ў кожнай тваёй ўсмешцы,
У пары з вуснаў,
У шэпце дрэў,
У вокнах траліка,
У філіжанцы ранішняй гарбаты, –

Ва ўсім, што страчвае
Адбітак мой, –
Жыве.









***
Я прыбіраю цырату
Са стала
І бачу пад ёй новую
Казку з хэпі-эндам
У пачатку
Нешта ж было
Нешта ж было...









***
Мне сам Хрыстос
Верш прысвяціў
І запісаў на палёх
Сшытка
Ў кратку
Цела майго










ПУНКТУАЦЫЯ

Атручаны ранак
Новы пачатак
Збірання знакаў прыпынку
Зноў неба малюе
На тварах дажджынкі
І рукі – пустыя
Пусты я.

Чарговай вяршыняй,
Шалёнаю хуткай хадой
Знявечваю той,
Сторазова абраны свой шлях
Да болю ў вачах
Кажу сабе –
...........Ўсё..

Драўляная вежа –
Працяжнік
Між сэрцам і небыццём.






***

Дзяўчына пад жоўтым клёнам
І лёгкі шолах паветра
Апалае, шорсткае неба
Ціхенечка
Варушыцца
Дзесь пад маімі нагамі.

Дзень нараджэння ў мамы.
 









Рэквіем па цішыні
Я не хачу быць сапраўдным мужчынам –
Плачу ўдосталь
Слухаю крокі людзей
У цішыні
Слухаю крыкі машын
У цішыні
Кросны:
Поўсць твая
Ператвараецца ў шалік
Даўгі
Досыць
Напружаны голас твайго тэлефо
На
І больш нічога значнага







ФАНЕТЫКА

Пячэ...
Перавага шуму над голасам
У горадзе
Гэтым
Перавыданні шэрага неба
Растанні
Жанчына – апошні вырай
Чай
Паміж выйсцем і небакраем







***
Шчэ не змёрзла
Прага
Да болю,
Кахання і цішыні
Калі словы хрумсцяць,
Як зямля на зубах
Калі
....душа
..........вось-вось!
І – думкі разляцеліся,
Як патрывожаныя птушкі

Дзе ж ты
шукаеш









УСМЕШКА (№2)

А ўвечары на пальцах - знічкі слёз
І каласы залева калыхае
І ў люстрані азёр
Кардыяграмы хваляў
Віюць у скруткі тваю ўсмешку
Каб захаваць надзейна й назаўжды
У прыгаршчы вады
...............чырвоным лісцейкам

Так, з рук маіх вада сплывае
 


Рецензии
добрыя вершы!
може першы трохи хужей, застатнiе-выдатныя

Стринг   24.07.2006 20:30     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.