Вершы беларускага складу
Бягуць па дарожцы
Дзяўчынка і хлопчык
А за імі – татка
Ў зялёным швэдры
Брат і сястрычка
Сашчапілі далоні
І бягуць насустрач
Сырой дарозе.
І татка за імі не паспявае
___________________________________________
***
.............Алесю Разанаву
Я іду па замглёнай вадзе
Чалавечых ілюзій
На маім языку
Палае і курчыцца
Рэха святых імёнаў
Кожным крокам наступным
Я ўтоптваю ў бездань
Свой жахлівы адбітак
Але кожнага разу
Вяртаецца ён
Яшчэ больш дасканалым
Ва ўласным чарноцці
Калі скончыцца ноч
І водсвет далёкае зоркі
Растане ў нябыце
Лёгкі вецер хвалямі скрышыць імя чалавека,
Што крочыў калісьці люстэркам жыцця
І ніхто не згадае яго
Без таго хапае праблем
____________________________________________
***
............Светлай памяці
............Міколы Сымонавіча Купрэева
Мятлік зляцеў з далоні.
Вершык зляцеў з душы.
Ветрам, ад слёз салёным,
Лістам у чорнай мжы
Стаўся.
І адарваўся.
І назаўсёды знік
У цішыні авацый
Аркушаў сціплых кніг.
_______________________________________
***
Па нетрах вуліцаў я поўз, нібы чарвяк.
Шукаў сябе –
і па шчацэ сцякаў застыглы час
і абрынаўся, бліснуўшы, у бездань.
Складаліся урыўкі у адно
і пальцамі праводзілі па скуры,
нібы па аркушы недачытанай кнігі.
Так пачынаўся дождж.
(Ці ведае хто з вас хваробу тую,
Што спапяляе ўсё нутро маё?)
Прыйдзі ж, дажджына-сябар,
Прыйдзі і забяры мяне адсюль!
_____________________________________
***
У раме акна –
Дрэва і неба –
Свет, народжаны
Святлом,
Брудным шклом
І маім позіркам.
Гэты свет застанецца.
AMELIE
...........Кацярыне К.
Гармонік восені
Нам праспявае
Караценькую песеньку
Пра павуцінне
У тваіх валасах
Заблукаў вецер словаў
Але так і
Зляцеў ні з чым
Назаўсёды
Amelie
Твае пальцы халодныя
На вуснах маіх
Маўчу
_____________________________________
БЕЛАРУСІ
…Але
спахапілася раніца
І птушкай на неба ўзышла,
Мне вочы песняю зраніўшы.
Мне справа –
У светлані сянняшняй
Сядзець на гаўбцы і пісаць
І бачыць, як ты прачынаешся,
Каханая
Мая.
____________________________________
НАГОДА
Я заплюшчваю вочы
Пустэча
У хвалях дажджу
Плавіць Ружу
І душыць, і душыць хімера.
Чорным покрывам цень мой
Правіць новую цела-імшу
Ў гонар вогкай зямлі,
Зноў трапляючы ў рукі няверы.
Як жа цесна ў абдымках тваіх,
Афрадыта!
Лёс маўкліва ліеш ільняных валасоў
У цыстэрну Нябыту,
Усміхаючы твар свой
Няшчырай тугой
Але мне падабаюцца гэтыя рытмы
І пад зорамі лужын – пустых, хваравітых –
Я хачу танчыць толькі з табою адной
______________________________________________
***
І калі расчынілася Брама Нябёсаў
Асляпіла залотаю хвалі травы,
Я ўсе раны свае да Яе папрыносіў –
Злыя краскі жыцця, рэха словаў старых.
І сказаў: “Забяры ад мяне маю хіжасць,
Ліпкі сум і бязмэтную рытміку жыл,
Каб забыўся на морак, каб нібы не жыў,
Каб забыўся на морак,
Забыўся на морак!!!”
І тады усміхнулася хмара нябёсаў,
І тады зачынілася Брама Нябёсаў...
– Да
сустрэчы..
Свидетельство о публикации №105102001003