Вуха
Генадзь Васільевіч вельмі выразна адчуваў падушачкі пальцаў левай рукі. Балела шыя. Прафесійны скрыпач, ён даўно ўжо не звяртаў увагі на мазалі. Але цяпер надакучлівы боль не даваў яму спакою.
Пераступіўшы праз парог сваёй кватэры, музыкант не адчуў ніякага паху, акрамя звычайнага водару самой кватэры. Відаць, вячэра, прыгатаваная жонкай, даўно астыла, а сама Галіна Пятроўна, не дачакаўшыся мужа, легла спаць. Генадзь Васільевіч паставіў футарал са скрыпкай да сцяны і накіраваўся ў ванную. Назойлівая муха кружыла вакол жаўтаватай лямпачкі над люстэркам. Скрыпач памыў рукі, уважліва агледзеўшы мазаліна худых і доўгіх пальцах, ды пайшоў спаць. Ні жадання, ні моцы, каб вячэраць не было.
Усё было, як звычайна: звычайны ложак, звычайная коўдра, падушка, звычайнае святло ад ліхтара, што прабівалася праз лісце і трапляла ў акно спальні Генадзя Васільевіча, ствараючы гэтым рухомую мазаіку ценяў на сцяне. Але нешта ўсё адно не давала спакою стомленаму чалавеку. Так, гэта было вуха. Генадзь Васільевіч адчуў, што яго левае вуха закладзена. Дзе і калі гэта адбылося, ён не памятаў. Але цяпер, у поўнай цішыні, ён адчуваў гэта з той жа выразнасцю, з якой і мазалі на пальцах левай рукі. Засунуўшы мезінец, на якім мазаля амаль не было, у вуха, ён зрабіў некалькі рухаў пальцам: уверх-уніз, уверх-уніз, па крузе. Прыслухаўся. Не дапамагло. Змагацца з закладзеным вухам больш не было сілаў і Генадзь Васільевіч, напяваючы прасябе другую частку канцэрта Ля мажор Вівальдзі, праваліўся ў сон.
Будзільнік, як звычайна, празвінеў а сёмай. Дваццаць чатыры гады сумеснага жыцця муж і жонка амаль кожны дзень прачыналіся разам. Але цяпер Галіна Пятроўна ўжо не спала. Ды не толькі гэта было незвычайным. Вуха. Яно ўсё яшчэ было закладзеным.
- Добры дзень, - прахрыпеў спрасоння Генадзь Васільевіч.
- Прывітанне, - адказала жонка. – Сняданак гатовы. Сядай.
Пах яешні сёння раздражняў Генадзя Васільевіча, і ён толькі моўчкі пасёрбаў моцнай гарбаты без цукру.
- Ведаеш, - сказаў нарэшце скрыпач, - у мяне заклала вуха. Яшчэ ўчора ўвечары.
- Можа, вада патрапіла, - неяк абыякава адрэагавала Галіна Пятроўна.
- Ды, не. Я ўвогуле не бачу ніякай прычыны... Ну, не звяртай увагі. Пройдзе, - хутка вымавіў Генадзь Васільевіч, устаў з-за стала, падзякаваў і стаў збірацца на рэпетыцыю.
На рэпетыцыі ўсё было не так. Левае вуха Генадзя Васільевіча не давала яму засяродзіць увагі на музыцы. Першую скрыпку, што знаходзілася справа, ён чуў выдатна, але трэцюю, што заўсёды месціцца злева, успрымаў, быццам апусціўшыся з галавой у ванну з вадой. На кожнай больш-менш доўгай паўзе, што па працягласці была большай за 2 такты, ён то і справа засоўваў мезінец у вуха і калупаўся там, шырока раскрываў рот і пазяхаў так, што суседнія скрыпачы таксама пачыналі пазяхаць.
Як толькі быў аб’яўлены перапынак, Генадзь Васільевіч кінуўся ў аптэку.
- Перакіс вадароду і піпетку, - запыханым голасам прамовіў ён.
Праз 10 хвілін музыкант ужо стаяў перад люстэркам у прыбіральні і, адцягнуўшы вуха левай рукой назад і ўніз, правай закапваў перакіс вадароду. Пасля таго, як шыпенне ў вусе спынілася, Генадзь Васільевіч прыслухаўся... Нібыта дапамагло.
На першых гуках Сімфоніі №40 Бетховена скрыпач ізноўку адчуў розніцу ў гучанні першай і трэцяй скрыпкі. Здавалася, ён пачаў траціць самавалоданне.
- Паслухай, Валодзя, ты павінен мне дапамагчы. У нас заўтра канцэрт, а я адчуваю, што вось-вось з глузду з’еду, - худыя пальцы Генадзя Васільевіча пастуквалі па кубку з кавай.
- Не хвалюйся, - адказаў суразмоўца, мужчына, гадоў сарака пяці. – Калі ты не хварэў апошнім часам, то хутчэй за ўсё гэта не сур’ёзна. Пасля насмарку здараецца закрыццё слыхавых трубаў, якія злучаюць поласць сярэдняга вуха з насаглоткай. Гэта ўспаленне і ацёк слізістай – так званы еўстахеіт.
Зрабіўшы адзін глыток кавы, доктар працягнуў:
- Табе ніхто не крычаў на вуха і не біў па яму, туды не трапляла вада і фізічна ты не перанапружваешся. Так?
- Мг... – прамычаў Генадзь Васільевіч, не спускаючы вачэй з суразмоўцы.
- Значыць, на 90 адсоткаў магу запэўніць, што ў цябе проста серныя пробкі, якія вельмі лёгка выдаляюцца оталарынголагам. Прыходзь да мяне ў любы дзень. Я табе дапамагу.
- Але ў мяне ўжо заўтра канцэрт.
- Прыходзь пасля яго, - сказаў доктар і паклікаў афіцыянта.
Зала ўзнялася. Дырыжор прымаў кветкі і тут жа клаў іх на падлогу перад сабой. Апладысменты не сканчаліся. Канцэрт атрымаўся.
- Віншую. Усё было вельмі добра, - пацалаваўшы мужа ў шчаку, сказала Галіна Пятроўна ўжо ў фае пасля канцэрта.
- Дзякуй.
- Як тваё вуха?
- Ведаеш, з сярэдзіны канцэрта я перастаў адчуваць закладзенасць. Здаецца, усё прайшло. І доктар не спатрэбіўся.
Шчаслівая ўсмешка расплылася на твары скрыпача.
***
Дзень абяцаў быць выдатным. Галіна Пятроўна была задаволеная, што муж не забыўся на гадавіну іх вяселля. Зраніцы яны павіншавалі адзін аднаго і Генадзь Васільевіч запрасіў жонку на вячэру ў рэстаран. Такая падзея была рэдкасцю ў іх сям’і. Апошні раз яны хадзілі ў рэстаран амаль год таму, пасля паспяховага канцэрту, прысвечанага пяцідзесяцігоддзю аркестра, у якім Генадзь Васільевіч іграе другую скрыпку.
На шчасце, гадавіна выпала на нядзелю, таму ў сямейнай пары быў цэлы дзень, каб падрыхтавацца да вячэры. Галіна Пятроўна дзве гадзіны прымала ванну, пасля падфарбоўвала скроні, хаваючы тым самым сівізну, якая ўжо нічога новага не казала пра яе ўзрост, бо ён быў бачны і па маршчынах на твары, і па друзлых руках і шыі. Генадзь Васільевіч у той час перабіраў свае сарочкі і, апранаючы іх адна за другой, як выпускнік, прымяраў гальштукі рознага колеру.
Рэстаран абралі выдатны. Вочы шчаслівай пары разбягаліся па радках меню. Нарэшце выбар быў зроблены і стравы з напоямі пастаўленыя на стол. Узняўшы бакал з чырвоным віном, Генадзь Васільевіч амаль урачыстым голасам прамовіў:
- Ну, я рады, што калісьці прыслухаўся да свайго ўнутранага голасу і абраў цябе ў свае жонкі. Дзякуй за тое, што ты ёсць. За нас і наш унутраны голас. За тое, каб мы заўсёды прыслухоўваліся да яго ў патрэбны момант.
Бакалы мілагучна зазвінелі і вячэра была пачатая. Салата, што стаяла насупраць Генадзя Васільевіча, выглядала вельмі апетытна, і ён не пашкадаваў, наклаўшы на відэлец цэлую гару памідораў з перцам, кукурузай ды яшчэ шмат чым. Хударлявы мужчына з выразна бачнай лысінай на галаве, які на момант стаў шчаслівым маладым жаніхом, шырока раскрыў рот і... мільёны гукаў, што дагэтуль не былі чутны яму, ўліліся ў яго левае вуха.
- Галіна...
Свидетельство о публикации №105091700743
МЫ ПРЕДЛAГАЕМ ВАМ ПРИНЯТЬ УЧАСТИЕ В НАШЕМ ПРОЕКТЕ "СОДРУЖЕСТВО" (http://www.stihi.ru/author.html?sodrujestvo), КОТОРЫЙ ПОМОГАЕТ АВТОРАМ НАЙТИ СВОЕГО
ЧИТАТЕЛЯ, И ПОМОЧЬ ЕМУ ПОЧУСТВОВАТЬ СЕБЯ УВЕРЕННЕЙ НА САЙТЕ СТИХИ.Ру.
У НАС ЕСТЬ ФОРУМ, НА КОТОРОМ АВТОРЫ САЙТА ОБЩАЮТСЯ В ДРУЖЕСКОЙ И ТЕПЛОЙ АТМОСФЕРЕ. НА ФОРУМЕ ОТКРЫТА СПЕЦИАЛЬНАЯ ТЕМА ДЛЯ БЕЛОРУСОВ, В КОТОРОЙ ОНИ МОГУТ ОБЩАТЬСЯ, ДОГОВАРИВАТЬСЯ О РЕАЛЬНЫХ ВСТРЕЧАХ, ОБМЕНИВАТЬСЯ ТЕЛЕФОНАМИ. ПРИГЛАШАЕМ ВАС ЗАРЕГИСТРИРОВАТЬСЯ НА ФОРУМЕ, ВЕДЬ ЭТО ОТЛИЧНЫЙ ШАНС ОБРЕСТИ ДРУЗЕЙ. РЕГИСТРАЦИЯ НА ФОРУМЕ - ПО ПСЕВДОНИМУ, ПОД КОТОРЫМ ВЫ ПЕЧАТАЕТЕСЬ НА ЭТОМ САЙТЕ!
АДРЕС БЕЛОРУССКОЙ СТРАНИЧКИ ФОРУМА:
http://httpgoodboardru.goodboard.ru/index.php?showforum=43
ДОБРО ПОЖАЛОВАТЬ!
Новое Содружество 12.01.2006 02:01 Заявить о нарушении