Замалёука жоутага колеру

Сёлета травы ў бабуліным двары яшчэ больш, чым летась. Веснічкі ў плоце неяк пацямленелі і нахіліліся. Адлегласць да калодзежа, як мне здалося, скарацілася. Ды і вуліца паміж хатамі стала быццам вузейшая.
Бацькі паехалі ў горад. Я засталася адна. З бабуляй.
Павольна націскаю на клямку і цяжкія драўляныя дзверы бязгучна адчыняюцца. Ступаю ў цёмныя маленькія сенцы. Дзіўна, але яшчэ нядаўна яны здаваліся мне вялікімі. Калісьці мы з сястрой гулялі тут у хованкі. І дзе толькі знаходзілі месца? Пад заслонам ды ў шафе. А было так цікава! На стале з аблупленым абрусам стаіць посуд. Чысты ён ці брудны? Цяжка сказаць. Памыты – дакладна. Побач – дзвюхфаеркавая пліта. Такіх, як гэтая, я больш нідзе не бачыла. Дзіўна, як яна яшчэ працуе? Са столі на тоўстым ланцугу звісае вядро са студзёнай калодзежнай вадой.
Наступныя дзверы вядуць у хату.
- Гэта ты, унучка? – чую я бабулін голас, яна адпачывае на ложку, рабіць амаль няма чаго – гаспадаркі ўжо не засталося.
- Так, пагуляла крыху.
- Там на стале парёнкі прыкрытыя ручніком. У бухвеце можаш м’ёду ўзяць, калі чаю захочаш.
- Дзякуй. Я ўсё знайду.
У хаце цёпла, можна сказаць – нават горача ад натопленай печкі. Бабуля па-ранейшаму пячэ ў ёй бульбу, хаця ёсць пліта. Галоўнае – адчыніць юшку днём, каб не ўчадзець, а на ноч зачыніць, каб не замерзнуць. У вясковай хаце нават улетку холадна спаць. На стале – прыкрытыя ручнікамі, бульба і бліны. Над сталом – прыклееная цыратовая карціна. На ёй – розныя стравы й напоі: суніцы, ракі, салаты, ром, віно. Усё, як і кожны год. Адно толькі змянілася: былая стракатасць кудысьці знікла. Карціна была цалкам пажоўклая: жоўтыя суніцы, жоўтыя салаты… За шклом у буфеце – амаль не карыстаны сервіз. Там жа я знайшла выцвілы пачак сярнічак, цукровае крышыва ды маленькія нажнічкі.
Злёгку павячэраўшы, я ўстала і падышла да бабулі. Прысела побач з ёю на ложак.
- Дык за каго ты вучышся? За журналіста? – спытала яна ў мяне.
- Так, на журналіста.
- Мо, хутка цябе па целявізары пабачым, а? Будзеш перадаваць нам навіны з Мінску.
“У газетах чытаць будзеце,” – хацела сказаць я, ды сумялася – бабуля ж няграматная.
- Канешне, пабачыце.
Як сцямнела, я пасцяліла сабе на канапе, пажадала бабулі добрай ночы, выключыла святло ды легла спаць. Канапа была халоднай і пахла знаёмай з дзяцінства сырасцю.
Яшчэ праз некалькі хвілін бабуля ўстала. Цяжка ўздыхаючы, яна выйшла ў сенцы. Хутка прыйшла, нешта яшчэ рабіла ў хаце, а затым і сама легла спаць.
А я ўсё ніяк не магла заснуць. У маёй галаве круцілася адна і тая ж думка: “Ці зачыніла бабуля юшку?”

(13.02.2005/26.02.2005)


Рецензии
Мае прывітанні дачцэ Ікара і Сонца!

"Няграматная" -- лепш напісьменная
"Сырасць" таксама не самае ўдалае слова. Вільгаць? Паглядзець у перакладным слоўніку.
"Можна сказаць" я б прыбраў.
Мінск сустрэў мяне дурным ветрам. Хай ён праваліцца, а мяне не зваліць. Занадта зімна. Я думаў, што будзе трохі цяплейшае надвор'е. І качкі, пэўна, пахаваліся. Аёйку!
Радасная навіна -- замест двух нумароў па 16с. трэба зрабіць адзін на 24с.

Нягледзячы ні на што, дасюль яшчэ твой
tsikhan

Tsikhan   28.02.2005 18:18     Заявить о нарушении
Сам абдрукаваўся -- "непісьменная"...

Яшчэ, што такое "парёнкі"? Не мучце дыялектолага, і яшчэ якая вёска, калі не сакрэт?

Tsikhan   28.02.2005 18:22   Заявить о нарушении
Дзякуй.

Жэка   01.03.2005 11:27   Заявить о нарушении