ab2. 29 Час жыццё пера тварае на спам ны 12 верша

4067     ПЕРШАЯ ВЯСНА

Забудуцца i боль, i асалода,
Сцiрае ўсё, як быццам гумкай, час,
Але, калi здараецца нагода,
Былое, нiбы ява, ўзнiкне ўраз.

Гадамi запарушана карцiнка,
Майго кахання першая вясна,
Ды ўспомнiцца, як стрэнецца дзяўчынка,
Такая ж, як тады была яна.

10.08.2000


4405     СЛЯДЫ МIНУЛАГА

Што мiне, не вернецца нiколi,
Нават вельмi моцная любоў,
Прападзе, як быццам вецер ў полi,
Цеплыня ад шчырасцi сяброў.

Што стварала для жыцця украсу,
Засталося ў думках назаўжды,
Ўсё на свеце падуладна часу,
Ды не ад мiнулага сляды.

29.10.2000


4416     РАКА ЖЫЦЦЯ

Блiшчаць каменьчыкi на дне,
I, як крышталь, вада iскрыцца,
Цяпер прыемна снiцца мне
Дзяцiнства любага крынiца.

Ракi жыцця майго выток,
Ў ёй справы, мары i пачуццi,
Здаецца чыстаю здалёк,
Ды зблiзку досыць каламуцi.

30.10.2000


4417     БIНОКЛЬ

Калi глядзець у акуляр,
Ўсё бачна ў велiчным адзiнстве,
Цудоўны лёс, вяршынi мар
Бiнокль паказвае ў дзяцiнстве.

Але, калi прайшло жыццё,
У аб'ектыў глядзiш ў былое,
Не пакiдае пачуццё,
Што сапраўды яно малое.

30.10.2000


4468     ДОЎГI ПУЦЬ

Бягуць бясконцых думак цягнiкi,
Iмчаць мяне ў далёкую краiну,
I толькi трэба выбраць, з iх якi
Прыемней ў гэты час для успамiну.

Здаралась многа рознага ў жыццi,
I плённы сустракаўся шлях, i марны,
Кацiў па рэйках доўгага пуцi
Вагон купэйны i вагон таварны.

7.11.2000


4478     МОРА МАЛАДОСЦI

Далёкiя, цудоўныя гады,
Ды не таму, што меў ў дастатку штосьцi,
Бо шчасце адчуваў ў той час заўжды,
Таму, што меў больш мора маладосцi.

Ды крочыць час, расце яе цана,
Была заўжды – цяпер прыходзiць ў госцi,
Забудзе хутка пра мяне яна,
Не утрымаць мiнулай маладосцi.

7.11.2000


4693     НАДЗЕЯ

Ўспамiнаю бацькоўскую хату,
Адчуваю i боль, i тугу,
Бо нiколi к сямейнаму святу
Да яе завiтаць не змагу.

Бо стаiць, сiрацiна, пустая,
Ў ёй ад цiшы нястрыманы жах,
Лебядой летам двор зарастае,
Глядзяць вокны з надзеяй на шлях.

2.12.2000


4779     РАНКОВЫ ЧАС

Сцяжыначкi далёкага маленства
Ў маiм жыццi – найлепшая з украс,
Iх радасцi не зведаў падабенства,
Хаця пасля шашой хадзiў не раз.

Iх асалоду я забыць не ў змозе,
Бо успамiн прыемнасцi не згас,
Вядома, справа, пэўна, не ў дарозе,
А проста быў ў душы ранковы час.

20.12.2000


4819     МIЛЫ ЎСПАМIН

Ў жыццi учынак робiм не адзiн
Заўжды сваiмi ўласнымi рукамi,
I добры, i нядобры успамiн
Заўсёды застаецца разам з намi.

Ад добрага хвалюецца душа,
Як у анёла, вырастсюць крылы.
А як забыць пакуты спарыша,
Каб успамiн застаўся толькi мiлы?

27.12.2000


4904     НЯСПАННЕ

Не спалося зноўку мне да ранку,
Успамiны выклiкалi час,
Як з табою слухалi заранку,
I як знiчкi падалi на нас.

Да спадобы сэрцу успамiны,
Хоць яны – былога мiражы,
Маладосцi любыя карцiны,
Як бальзам цудоўны для душы.

10.01.2001


4972     ВЯСНОВЫЯ ЎСПАМIНЫ

Асеннi дождж залiў жыццёвую шашу,
Зрабiў яе мароз зiмовы лёдам,
Iдуць вясновыя ўспамiны у душу,
Калi жыццё было сапраўдным мёдам.

Спачатку мёд зрабiўся горкiм, як палын,
Пасля стаў небяспечнаю атрутай,
Ў дрыгвяны дол шаша спусцiлася з вяршынь,
I дапякае мне душу пакутай.

21.01.2001


4996     БАЦЬКОЎСКАЯ ХАТА

Палацы i высотныя дамы,
Прыгожыя, цудоўныя, як свята,
Але душой сагрэцца можам мы,
Бацькоўская успомнiцца як хата,

I агарод, i яблыневы сад,
Мурог, ступаў дзе босаю нагою.
У думках я вяртаюся назад,
Яны зафарбаваліся тугою.

24.01.2001


Рецензии