ab2. 18 Радасць 13 верша

4043     КАМЕРТОН АСАЛОДЫ

Радасць ў душы, нiбы скрыпка, гучыць,
Час у жыццi непаўторны,
Калi душа, як нямы, замаўчыць,
Час насуваецца чорны.

Музыка льецца ў душы хай заўжды,
Як камертон асалоды,
Радасць дасць змогу унiкнуць бяды,
Здолець лягчэй перашкоды.

2.08.2000


4083     ПАГРОЗЫ

Прыгожы снег, ды лютыя марозы,
Хоць вабяць травы, спёка робiць глум,
У радасцi заўсёды ёсць пагрозы,
Што недзе прыхаваны яшчэ сум.

Дабро i зло таксама ходзяць разам,
I нельга iх нiколi раз'яднаць,
То вырвецца адно наперад з часам,
Другое потым зможа абагнаць.

14.08.2000


4166     КРАНЕ ПЯШЧОТАЙ

Галава кладзецца на падушкi,
Ноч раскрыла чорны парасон,
Ляцяць хутка думкі, нiбы птушкi,
I вядуць мяне ў чароўны сон.

Хай таго няма на самай справе,
Ды прыемна бачыць цуд у сне,
Хоць прыемнасць мроiцца ў уяве,
Ды пяшчотай за душу кране.

9.09.2000


4298     ДА СПАДОБЫ

Мне да спадобы шум вакзала,
Рукзак вялiкi, як гара,
Кавалак печанага сала
Ў агнi рыбацкага кастра.

I вельмi шчырыя гаворкi,
Каб добры настрой зберагчы,
Яскравыя у небе зоркi
I плёскат рыбы уначы.

9.10.2000


4320     САГРАВАЕ ВОСЕНЬ

Юнацтва, сэрцу любае, далёка,
I маладосць пранеслася даўно,
Прайшла вясна, ў мiнулым лета спёка,
Ды восень сагравае ўсё адно.

Як прыгажосць пабачыць здатна вока,
Як хваляванне ў сэрцы ад жанчын,
Душа ўзлятае, як раней, высока,
Хоць восень, сумаваць няма прычын.

15.10.2000


4351     ДВА КРОКI

Наперад па жыццю бягу,
Квяцiсты луг перада мною,
Я вольна трацiць час магу,
Што называецца вясною.

Цяпер мароз, ляжаць снягi,
Перада мной сумёт высокi,
Ды на душы няма тугi,
Хаця да фiнiшу два крокi.

20.10.2000


4377     СТАРАСЦЬ ПАЧАКАЕ

Хоць целу шэсцьдзесят – семнаццаць у душы,
Нясуць мяне, як у юнацтве, крылы,
I маладосць я праляцеў ўжо да мяжы,
Ды буду з ёю, пэўна, да магiлы.

Як i раней, вясной цвiтуць мае сады,
I восенню адорваюць пладамi,
Прыемна жыць, калi душою малады,
Хай старасць пачакае за гарамi.

24.10.2000


4456     КНIГА ЖЫЦЦЯ

То сцюжу адчуваю, то адлiгу,
То гора, а то радасць цераз край,
Даўно свайго жыцця гартаю кнiгу,
А на старонках пекла або рай.

Але канец яе яшчэ далёкi,
Да вокладкi багата ёсць лiстоў,
Упэўнена ў жыццi раблю я крокi,
Хоць час асеннi мой ужо прыйшоў.

5.11.2000


4524     З НАТХНЕННЕМ

Ёсць справа, што не ў сiлах супынiцца,
Калi выконваць ўжо пачаў яе,
Б'е радасцi бясконцая крынiца,
I стомы ад натхнення не дае.

Цудоўна, як не брыдкай будзе праца,
А стане нават любаю з патрэб,
Заўжды прыемна радасцi кранацца,
З натхненнем зарабляць надзённы хлеб.

13.11.2000


4605     УЗЛЁТ ДУШЫ

К сабе упарта клiча прыгажосць,
Не абысцi жаданую прынаду,
Хоць, як туман, растала маладосць
I засталась ужо далёка ззаду.

Хай за плячыма нават сотня год,
Ды як душу яшчэ хвалюе штосьцi,
Яна, як птушка, здатна на узлёт,
Адмовiць нельга ёй у маладосцi.

20.11.2000


4677     ШЛЯХI

Хадзiў я балотам i полем,
Праз бор i праз цёмны гушчар,
Шлях радасцю быў або болем,
Благiм або ўзнёслым ад мар.

Хадзiў i над рэчкай лугамi,
Маршрут вабны мне дарагi,
Прыемна, калi пад нагамi
Цiкавыя вельмi шляхi.

30.11.2000


4800     СОНЕЙКА Ў ДУШЫ

Застаўся ззаду шлях сапраўднай драмы,
Навошта мець пакуту i тугу?
На сцежцы толькi сонечныя плямы,
I я яшчэ шчаслiвай быць магу.

Прыемна, калi сонца ярка ззяе,
I сцежачка выходзiць да шашы,
Калi агнём каханне сагравае,
Ласкава свецiць сонейка ў душы.

24.12.2000


4828     СТРУНА ВЯСНЫ

Развезла прадвясеннія шляхi,
Яшчэ не паднялася зелянiна,
Але зiмовай больш няма тугi,
I музыка ў душы гучыць няспынна.

Бо з выраю ужо ляцiць вясна,
Бо скочылась зiмовае чаканне,
Гучыць ў маёй душы вясны струна,
Яна пяе нястомна пра каханне.

30.12.2000


Рецензии