ab4. 15 Свабода ваб ць, н бы мара 15 верша

2014     ЁСЦЬ ЗМАГАРЫ

Мы рабству аддаем прыярытэт,
Нам незалежнасць – як чужое слова,
I не патрэбны суверэнiтэт,
I родная амаль не трэба мова.

Па волi не выказваем журбы,
У продкаў была iншая дарога,
Амаль усе нашчадкi – як рабы,
Ёсць змагары, ды iх не вельмi многа.

Жывем у рабстве ўжо працяглы час,
Ды здатны лёс народу ўраз змянiцца,
Калiсьцi воля прыйдзе i да нас,
Але пакуль што толькi часам снiцца.

Ды калi ёсць за волю змагары,
Iснуе i галоўная умова,
Каб дачакацца радаснай пары,
Бо воля трэба нам абавязкова.

28.03.1997


2018     ВОЛЯ ДАРАЖЭЙ

Хаця для птушкi ў клетцы шмат яды,
Ды золата пруткоў i корм нямiлы,
Бо воля даражэй ўсяго заўжды,
Як ў паднябессе падымаюць крылы.

Жывёлам воля любая павек,
Змагаюцца яны за вызваленне,
Напэўна, ў змозе толькi чалавек
Мець да няволi любасць i цярпенне.

Iмперыя стваралась ў барацьбе,
Элiта вынiшчалася ў народа,
Цяпер шукаем зноў паноў сабе,
Не да спадобы для рабоў свабода.

Але пакуль мы ў большасцi – рабы,
Таму шляхi нам вольныя закрыты,
Адным бяда, другiм няма журбы,
Бо воля трэба толькi для элiты.

29.03.1997


2125     ЖЫВЕ НЕ ДАРМА

Жыць добра тыгру ў заапарку,
Але ў яго вачах туга,
Не рад такому ён падарку,
Бо клiча вольная тайга.

З няволяй цяжка прымiрыцца,
Хаця ў дастатку ёсць яды,
Бясконца край таёжны снiцца,
Бо воля даражэй заўжды.

Ў няволю тыгра бралi сiлай,
Рабом не быў тыгрыны род,
А мы няволю лiчым мiлай.
Чаму мог стаць такiм народ?

Рабу зусiм не трэба волi,
Бо ўласнай годнасцi няма,
Галоўнае – яды даволi,
Тады жыве ён не дарма.

8.07.1997


2241     ЧЫРВОНАЯ КНIГА

Панаванне скончылась крамля,
Больш няма i штучнага саюза,
Пад нагамi – родная зямля,
Богам што дана для беларуса.

Доўга браты лезлi ў наш гарод,
Шкоды нарабiлi ўжо нямала.
Цi адметнасць зберажэ народ,
Бо пранеслась руская навала?

Годнасць аддаем амаль дарма,
Мовы нашай – як i не бывала,
Мы стаiм ля прорвы, дна няма.
Нацыя цi ёсць, або прапала?

Трэба сваю мову аднавiць,
Перад старшым братам досыць гнуцца,
Можам, рускiх будзем як любiць,
У чырвонай кнiзе апынуцца.

24.08.1997


2278     ВЕДАЦЬ ГЕРОЯЎ

Ўжо болей за дзвесце абрыдлых гадоў
Жывем у складаных умовах,
К героям чужым прышчапляем любоў,
Цi даўнiх шануем, цi новых.

Народ мой не гнуўся i быў ў барацьбе,
Быў вольны ад рускага брата,
Чужых мы герояў знаходзiм сабе,
I вельмi знайшлi iх багата.

Па вулiцах трэба прайсцi гарадоў,
Сляды бачны рабскай спакусы:
Ульянава, Неўскага, Ленiна зноў.
Пытаеш, цi мы беларусы?

Героi народу! Не ведаем iх,
А ведаем, то надта мала.
Нам ведаць патрэбна герояў сваiх,
Каб годнасць у сэрцах гучала.

7.10.1997


2288     ГОРКА АД ЖУРБЫ

Спытаць у вершах я хачу у музы,
Ужо пытаў, цяпер пытаю зноў:
Цi адчуваем мы, што беларусы?
Цi да Айчыны ёсць у нас любоў?

Туга ў палон заўсёды сэрца брала,
I станавiлась горка ад журбы,
Сапраўдных беларусаў вельмi мала,
Бо большасць з нас – маўклiвыя рабы.

Хто нам з вачэй ужо б палуду скiнуў
I праўдзе гiстарычнай навучыў?
Народ павiнен мець сваю Айчыну,
Чужую каб упарта не любiў.

Амаль няма такiх на Беларусi,
Няма за беларускасць барацьбы,
Стамiлася душа, i сэрца – ў скрусе,
Бо годнасцi няма, бо мы – рабы.

9.10.1997


2352     СВАЯ ПЕСНЯ

Спяваем песнi iншага народа,
Хоць за пявучасць iх i я люблю,
Але, калi здараецца нагода,
Спець лепей беларускую, сваю.

Шкада: мы вельмi многае згубiлi,
Бо iншай мове аддалi любоў,
А родную сваю амаль забылi,
Не адчуваем прыгажосцi слоў.

Зусiм не размаўляем роднай мовай,
А часам нават чынiм над ёй глум,
Гучыць, як песня, кожнае ў ёй слова,
Чуць подых ветру i гаёвы шум.

I сораму амаль не адчуваем
За родны край свой, родную зямлю.
Мо лепей пры нагодзе заспяваем
Мы песню беларускую, сваю?

14.11.1997


2447     СIМВАЛ БЕЛАРУСI

Цудоўны сiмвал Беларусi,
Цябе цаню я i люблю:
З нябёсаў сiнiх белы бусел
Глядзiць заўжды ўдалечыню.

I адкрываецца прастора,
Далёка бачыць прад сабой,
Пад iм лясоў зялёных мора,
Ляцiць, любуецца зямлёй.

Вакол узгоркi i разлогi,
I рэчак цiхая вада,
Махае крыламi што змогi,
Ды шчасця мала, ўсё бяда.

Бяда навiсла над Радзiмай,
Калi, як людзi, будзем жыць?
А шчасце пралятае мiма,
Як бусел, што ўгары ляцiць.

3.03.1998


2596     ПАЛЁТ БУСЛА

Шчасце адчуваецца якое!
Жыта дачакалася пары,
Поле пад нагамi залатое,
I абсяг блакiту угары.

А вакол – лясоў цудоўных нiтка,
Край мой родны ўзлёт пачаў круты,
Ўсiм вядома, што яго вiзiтка
Лес зялёны, колас залаты.

Ў вышынi расправiў крылы бусел,
I блакiт раскiнуўся вакол,
Бусел – сiмвал нашай Беларусi,
Здатны пагражаць яму арол.

Бусел не ляцiць ў абшар сумежны,
Радасць яго ўгору падняла,
Ды арол нахабны i драпежны
Сочыць, як iдзе палёт бусла.

8.05.1998


2803     НЕ ТУДЫ

Iмкнуцца людзi ў першыя рады,
I самым першым быць жадае кожны,
Як выявiцца: шлях бег не туды,
Хто першым быў, становiцца апошнiм.

Iдуць назад, апошнi ўжо вядзе,
Ён першым апынуўся выпадкова,
Але, вядома, зноў трываць бядзе,
Замкненае ствараецца так кола.

Як недакладна вызначаны шлях,
Бо правадыр калiсьцi плёўся ззаду,
Адзiны толькi вынiк – поўны крах,
Бо зноўку не туды вядзе грамаду.

Iдзе перабудова дзесяць год,
Але дастатку людзi не знаходзяць,
Бо не туды iдзе ўвесь час народ,
Бо па чарзе апошнiя нас водзяць.

4.10.1998


2866     СТАНЕ РОДНАЮ?

Радзiма, мiлая мая!
Што праз гады з табою будзе?
Хоць беларуская зямля,
Ды рускiмi зрабiлiсь людзi.

Чужую мову набылi,
I незалежнасцi не трэба,
Не трэба нам сваёй зямлi,
Лясоў, палёў, блакiту неба.

Упарта коцiмся назад,
Звiнець жадаем кайданамi,
Каб кiраваў старэйшы брат,
А мы заўжды былi рабамi.

На сэрцы горыч i журба,
Чамусьцi шчасце крочыць мiма,
За волю трэба барацьба,
Каб стала роднаю Радзiма.

16.12.1998


2875     ЖЫЦЦЁ ЎНАЧЫ

Апусцiлася ноч над зямлёю,
Цемра, холад, не бачна шляху,
Не напоўнiлась сэрца тугою,
Ранку я дачакацца магу.

Сонца ўстане, у росах заззяе,
Быццам ночы зусiм не было,
Шлях выдатна яно асвятляе,
I дае у дастатку цяпло.

Цыкл iдзе у прыродзе няспынна,
Ноч гасцюе, але не бяды,
Калi спусцiцца ноч над краiнай,
Яна цягнецца доўга заўжды.

Невядома, цi сонейка будзе,
Як заззяе, то дзе i калi?
Да святла хоць iмкнулiся людзi,
Ўсё жыццё уначы правялi.

21.12.1998


2959     ЛЮДСКАЯ ГОДНАСЦЬ

Радзiма! Як здарылася з табой,
Што дзецi адцуралiся ад маткi?
Вялi за волю продкi цяжкi бой,
Ды славы iх нявартыя нашчадкi.

Нацыянальнай годнасцi няма,
Сваю культуру мы не паважаем,
Бо рускi вiрус горай, чым чума,
Нас нiшчыць. Быць народам не жадаем.

Бо мовы мы саромiмся сваёй,
Вялiкай, некранутай i магутнай,
У сэрцах, як на могiлках, спакой,
Радзiмы мову лiчым вельмi бруднай.

Радзiму любiм, але мала нас,
А большасць ёй зрабiць гатовы шкоду,
Без годнасцi людской праз нейкi час
Не будзе нi Радзiмы, нi народу.

28.01.1999


2960     ЯКI ВЫНIК?

Мне не трэба iнакшай зямлi,
Недарэчна такое iмкненне,
Бо свае i лясы, i палi
Даць для творчасцi здатны натхненне.

Ды спакою няма на душы,
Беларускасцi – кропля у моры,
Бо народ не чытае вершы,
Не глядзiць на мастацкiя творы.

Беларускасць каб зноў аднавiць,
Трэба вельмi высокая мода,
Творы лепей такiмi рабiць,
Каб цiкавасць была у народа.

За мяжу едуць ўсё мастакi,
Каб палепшыць настрой i уменне.
Вынiк будзе з паездкi якi?
Цi прыйдзе да народа натхненне?

28.01.1999


2974     СВОЙ ГОЛАС I МАТЫЎ

Няхай я нацярплюся цяжкiх мук,
Не буду пець салодкiя матывы,
Падачку не вазьму з уладных рук,
Я да яе не ласы i не хцiвы.

Бо голас маю свой i свой матыў,
Якi народ да волi заклiкае,
Каб ён на роднай мове гаварыў,
Ды з ўладай погляд мой не супадае.

Хачу, каб шматпакутны мой народ
Заўжды мог ганарыцца продкаў славай,
Каб не пазналi ад Русi нягод,
I незалежнай сталi зноў дзяржавай.

Няхай зусiм не пападу у друк,
I невядомы буду хай народу,
Падачку не вазьму з уладных рук,
Не страцiць каб уласную свабоду.

7.02.1999


Рецензии
У Вас вельмі добрыя вершы, Анатоль. Я так здагадваюся, што, можа, і зборнікі ёсць?

З павагай Жэня

Жэка   03.06.2003 21:29     Заявить о нарушении
У ІНТЭРНЕЦЕ

Калі Вам вершы да спадобы,
Прыемна водгук атрымаць,
Не намагаўся рабіць спробы,
Каб кволы зборнік друкаваць.

Такой ажыццявіцца мэце
Удасца ў гэты час наўрад,
Друкую сайты ў Інтэрнеце,
Такой магчымасці я рад.

Удзячны за ацэнку, прыемна, што Вас цікавіць
менавіта тэма свабоды.

З павагаю,

Anatoly Bolutenko   05.06.2003 07:40   Заявить о нарушении