ab8. 3 Любы край 35 верша

218     ДАЛЁКАЯ РАДЗIМА

Калi далёка ад Радзiмы,
Ў душы ад успамiнаў боль,
Зямля, цябе што нарадзiла,
Ва ўяўленнi заўжды з табой.

Радзiма даць у змозе сiлы,
Ў душы – пяшчота ад яе,
Ды разлучыў нас лёс нямiлы,
Туга спакою не дае.

Радзiма побач – ёсць нягоды
Ад халадоў або завей,
Ды на адлегласцi заўсёды
Любоў к ёй значна гарачэй.

Хоць я далёка ад Радзiмы,
Ды адчуваю ясна зноў:
Не ахалодзяць сэрца зiмы,
Бо ёсць адвечная любоў.

Яна, як зорка, залацiцца,
Ды не магу яе дастаць,
Ва ўяве бачу, часта снiцца,
Радзiму лепей не кiдаць.

Але яшчэ надзею маю,
Дай Бог, мне да таго дажыць,
Каб пра адданасць свайму краю
Мог асабiста гаварыць.

8.10.1993


463     АПОШНI БОЙ

Край мой родны, Дняпра край i Сожа,
Дзе iскрылась у рэчках вада,
Дзе навокал было ўсё прыгожа,
Нечакана кранула бяда.

У вайну нацярпелiсь нямала,
Вось цяпер краю жыць бы ды жыць,
Але зноў нас спаткала навала,
Край мой родны у смутку ляжыць.

К нам чарнобыльскi попел спусцiлi,
Як на ворагаў, каб захапiць,
Ўсю прыроду вакол атруцiлi.
Як цяпер на сваёй зямлi жыць?

I нiхто не звяртае увагi,
Чаму доля такая у нас?
Чаму лёс вытварае зiгзагi,
I цi будзе яшчэ добры час?

Ўсё пытаннi, бясконца пытаннi,
I нiхто даць не хоча адказ:
Цi мы пройдзем па жудаснай гранi,
Або згiнем павольна, не ўраз?

Край мой родны! Што ж доля нямiла
Абышлася яшчэ раз з табой?
Божа! Дай i надзею, i сiлу,
Каб апошнi нам вытрымаць бой.

19.12.1994


982     МАЯ РАДЗIМА

На луг пайду – якое разнатраўе!
Нiбы не луг, а з кветак дываны,
Такiх уражань ўжо даўно чакаў я,
Як хлеб надзённы для душы яны.

К сабе гукаюць хараством заўсёды
Адвечныя хваёвыя лясы,
I нават сэрца радуюць балоты.
Палессе – край чароўны, край красы!

А рэчак плынь з празрыстаю вадою!
Нiдзе такiх ўжо зараз не знайсцi,
Калi з красой спаткаешся такою,
То па жыццi прываблiва iсцi.

Духмяны водар п'ю i не нап'юся,
Сустрэчу з лесам ў сэрцы зберагу,
Нарэшце, да Радзiмы дакрануся,
Развею сваю даўнюю тугу.

Прыемна мне i радасна бясконца,
Як пад нагамi родная зямля,
Тут для мяне ласкавей свецiць сонца,
Цудоўней значна пошчак салаўя.

Наўкол патрэбна пiльна азiрнуцца,
Як на Радзiму прыязджаю зноў,
Каб шчасце мець, хачу хутчэй вярнуцца,
Не згасла ў сэрцы да яе любоў.

8.08.1995


983     ШЛЯХ ДА ДРУКУ

Па-над Прыпяццю буслы высока ляцяць,
З вышынi падаюць дзiўны голас.
Край палескi! Як можна яго не кахаць,
Вельмi ўзнёсла пiсаў аб iм Колас.

Прыпяць, быццам у сне, свае воды нясе,
I таксама павольна заўсёды,
Яна вечна ў сваёй некранутай красе
У Дняпро дае чыстыя воды.

I натхненне таксама паэтам дае,
Пра Палессе каб песнi спявалi,
Ў часы розныя жоўтыя воды яе
Радасць ў душах людзей выклiкалi.

Прыпяць – сiмвал Палесся, яе дыямент,
I сапраўднае дзiва прыроды,
Хоць ласкавая, грозна разбурыць ўсё ўшчэнт,
Калi робяцца ёй перашкоды.

I паэзii чыстай чароўная плынь,
Як i Прыпяць, належыць народу,
Ёй не месца ляжаць ў глыбiнi цёмнай скрынь,
Да святла выйсцi знойдзе нагоду.

Прыгажосць быць павiнна заўжды на вiду,
Каб натхненне душа атрымала,
Як i Прыпяць, да друку шлях вершам знайду,
Каб вядомай паэзiя стала.

8.08.1995


994     СIНЯВОКIЯ АЗЁРЫ

Як ў люстэрцы, блакiт на вадзе ад нябёс,
I, здаецца, глыбока, як ў моры,
Назву гэты блакiт зямлi нашай прынёс,
Сiнявокiя нашы азёры.

Край лясоў i азёр, сiнявокi мой край,
Безлiч песень табе ўжо прапета!
Колькi песень цудоўных табе не спявай,
Ты натхненне даеш для паэта.

Заўжды вабiць бясконца твая прыгажосць,
I прыемны твае краявiды,
Мне у iншых краях пражываць давялось,
Але ў сэрцы мой край не забыты.

Вельмi хутка к табе я вяртаюся зноў,
Каб красою тваёй любавацца,
Назаўжды прыязджаю, нарэшце, дамоў,
Бо абрыдла па свету бадзяцца.

У душы я збярог да Радзiмы любоў,
Да народу свайго i да мовы,
Слухаць надта прыемна мне музыку слоў,
I на мове чароўнай размовы.

Я з табой назаўжды, маiх продкаў зямля,
Ў шчасцi, радасцi, смутку i горы,
Беларусь сiнявокая – радасць мая,
Сiнявокiя нашы азёры.

13.08.1995


1023     РАНЕЙ I ЦЯПЕР

Лясы, лясы i пералескi,
Спакойная у рэчак плынь,
Як цуд, прыгожы край палескi,
Тут Прыпяць, Ясельда, Гарынь.

Вядомыя на ўсю краiну,
Яны Дняпру ваду даюць,
Сваю багатую данiну,
Як Колас напiсаў, нясуць.

Людзей тут буслы не баяцца,
Жадаюць людзi iм дабра,
I над сядзiбамi гняздзяцца,
Як дзетак гадаваць пара.

Раней было тут вельмi цiха,
Край непалоханых звяроў,
Цяпер яго спаткала лiха,
Бо «мiрны» атам ён знайшоў.

Край беларускi, край палескi,
Ты шматпакутны цяпер стаў,
Ў бядзе лясы i пералескi,
Нiхто такога не чакаў.

24.08.1995


1291     ГЛЯДЖУ НАВОКАЛ

Гляджу i наглядзецца не магу,
Якая прыгажосць ляжыць навокал!
У лузе можна ўтаймаваць тугу,
I дорыць радасць сэрцу лес далёкi.

Гляджу на рэчак сiнюю ваду,
I тут вiруе радасць, не змаўкае,
Я заўтра ранкам зноў сюды прыйду,
Бо прыгажосць душу маю ўздымае.

Непужаныя буслы ходзяць тут,
А хутка дваццаць першае стагоддзе,
Але збярогся гэты любы кут,
Прыходзiлася цяжка хоць прыродзе.

Бягуць ў блакiтным небе воблакi,
Знiкаюць у далёкiм сiнiм лесе,
Цудоўна, што iснуе край такi,
Iмя яго прыгожае – Палессе.

Прыемна для душы краса Зямлi,
Гляджу навокал, шчасце адчуваю,
Шляхi жыцця сюды мае прыйшлi,
Даўно сустрэчы радаснай чакаю.

23.12.1995


1492     ЛЮБАЯ БЕЛАРУСЬ

Хаця Беларусь i далёка ад мора,
У нас ёсць шмат iншай красы,
Чаруе шырокая вельмi прастора:
Цудоўныя нашы лясы.

Лясы прыгажосцю мне радуюць вока,
Як мора, лясы не адны,
Бо позiрк адзначыў: пралеглi далёка,
Як мора, палi збажыны.

Па iх прабягаюць ад ветрыку хвалi,
Як быццам бягуць над вадой,
На сцеблах калоссе яны разгайдалi,
Спявае яно, як прыбой.

А побач зялёнае мора iскрыцца:
Касцоў зачакалiсь лугi,
Сваiмi марамi мой край ганарыцца,
I край мне не трэба другi.

Хаця Беларусь i далёка ад мора,
У нас ёсць рака не адна,
Таму i не бачым нiякага гора,
Такая нам люба яна.

18.0.71996


1789     ПЛАЧУЦЬ УСЕ

Што шапоча чарот каля млыну?
Аб чым плача над рэчкай вярба?
Што сустрэлi лiхую гадзiну,
Што цяпер наша доля – журба.

Была чыстай калiсьцi крынiца,
I мядовымi былi лугi,
Гэты цуд нам цяпер толькi снiцца,
Прыйшоў час нашай горкай тугi. 

Дасталося бяды нам багата,
Плачуць рэкi, лясы i палi,
Бо чарнобыльскi лёг на нас атам,
Няма чыстай, цнатлiвай зямлi.

Радыяцыя ўсюды, нi кроку
Ўжо цяпер без яе не ступiць,
Хоць не бачна яна зусiм воку,
Ды жахлiва ў суседстве з ёй жыць.

Плачуць ўсе: i чарот каля млыну,
I над рэчкай старая вярба.
Чаму лёс попел жудасны кiнуў?
I чым скончыцца з iм барацьба?

4.11.1996 


2007     АСНОВА ЖЫЦЦЯ

Ўдалечыню плыве вада ракi,
Бягуць бясконца хуткiя аблокi,
Яны спрадвек лёс выбралi такi,
Як цуд, iх вабiць край чужы далёкi.

Ды застаецца ў краi шмат красы,
Адданай краю год ужо каторы:
Чароўныя зялёныя лясы
I сiнiя прыгожыя азёры.

Балоты, сенажацi i палi
Не здатны за мяжу перасяляцца,
Хоць вабныя далёкiя краi,
Ды доля iх на месцы заставацца.

Аблокi, што бягуць, i плынь вады
Бясконца робяць замкнутае кола,
Радзiма клiча iх к сабе заўжды,
Бо родная зямля – жыцця аснова.

23.03.1997


2071     РАНIШНIЯ ЛУГI

З дыяментаў кiлiм пад нагамi,
Сонца ззяе у кроплях расы,
Ранкам добра прайсцiся лугамi,
Каб пазнаць свет сапраўднай красы.

Вада ў рэчцы – як быццам люстэрка,
Шэпча цiха аб нечым чарот,
Радасць чэрпаеш поўнаю меркай,
На душы асалода, як мёд.
 
Спеў птушыны лепш музыкi льецца,
Побач бачыць прыемна буслоў,
Ад красы сэрца радасна б'ецца,
Адчуваеш к Радзiме любоў.

Толькi добраму вучыць прырода,
Сэрцу быў каб свой край дарагi,
Калi ёсць хоць якая нагода,
Ранкам трэба пайсцi у лугi.

15.05.1997


2149     СВАЯ ПРЫГАЖОСЦЬ

Хоць цiкава фламiнга пабачыць,
Ды не кожнаму бачыць прыйшлось,
Яшчэ лепей знянацку адзначыць
У Айчыне сваёй прыгажосць.

Прыглядзецца к сваёй прыгажосцi,
Цi эфект ад уражань малы?
Мо фламiнга i бачыў з нас хтосьцi,
Ды натхненне даць здатны буслы.

Не спяшацца, прайсцi цiхiм крокам
Праз балоты, лясы i лугi,
I на свет паглядзець iншым вокам,
Сэрцу будзе свой край дарагi.

Прыгажосць, што ёсць поруч, не бачна,
Ды уважлiвей як назiраць,
Лепш заморскай красы яна значна,
I душу здатна лепей натхняць.

20.07.1997


2369     РОДНЫ ДОМ

Адведаў вёскi, гарады,
Але ад iх меў толькi стому,
Ды сэрца ёкае заўжды,
Калi вяртаюся дадому.

Шукаць спакой душы дарма,
Яна чужыну адчувае,
Нiчога лепш, чым дом, няма,
Заўсёды ён мяне чакае.

Ўзнікаюць згадкі аб былом,
Дае такую дом нагоду,
Сагрэе ён мяне цяплом
I дасць для сэрца асалоду.

Свой родны кут, бацькоўскi дом!
Усёй душой к табе iмкнуся,
Сустрэнеш ты мяне дабром,
Дзе б я не быў, к табе вярнуся.

3.12.1997


2440     МАЛАЯ РАДЗIМА

Дзе ёсць яшчэ кавалачак Зямлi,
Што лепш душы, чым узбярэжжа Крыма?
Куды б шляхi жыцця не прывялi,
Малая ўспамiнаецца Радзiма.

Прыемна легчы ў лузе на траву,
I назiраць блакiт i бездань неба,
Ўспамiнамi маленства я жыву,
Яны мне для натхнення надта трэба.

Я ад Радзiмы быў ўдалечынi,
Яна мне засталася дарагою,
Лiчыў гады, i месяцы, i днi,
Калi павек зноў буду толькi з ёю.

Радзiма, нiбы мацi, у людзей,
Яна адна, другой нiдзе не будзе,
Яе згадаеш ў шэразе падзей –
Натхненне шчодра напаўняе грудзi.

1.03.1998


2506     МАЯ РАДЗIМА

Не хачу адрывацца ад роднай зямлi,
Маё сэрца з ёй моцна зраслося,
Хоць шляхi мяне ўбок ад яе адвялi,
Ды вярнуцца цяпер удалося.

Тут калiсьцi сцяжынкi дзяцiнства прайшлi,
Па каханай тут сэрца балела,
I юнацкiя светлыя мары былi,
Бо ад шчасця душа зiхацела.

Як матуля, патрэбна Айчыны зямля,
Ад яе на душы асалода,
Ды iначай складалася доля мая,
Бо такою ў той час была мода.

Нам радзiмаю быў ўвесь Савецкi Саюз,
Так дарэмна было спадзявацца.
Беларусь – мне Радзiма, а я – беларус,
Як ад роднай зямлi адрывацца?

31.03.1998


2572     БАЛЮЧА

Збуцвелы крыж каля дарогi,
Раней звiнела тут жыццё,
Цяпер вакол адны мурогi,
I забыццё, i небыццё.

Яшчэ глядзяць з надзеяй хаты,
Iм боль нясцерпны лёг на твар.
Чаму на вулiцы салдаты?
Чаму не прыйдзе гаспадар?

Квiтнеюць снегам яблынь кроны,
Няма ў каго i iм спытаць,
Бо не спытаеш у вароны,
Хто будзе ураджай збiраць.

Балюча яблыням i хатам,
I ўдзень балюча, i ўначы,
Прынёс бяду iм «мiрны» атам.
Сябе цяпер як зберагчы?

25.04.1998


2621     ВУЛIЦА ЮНАЦТВА

На ёй асфальту не было нiколi,
А сцежачкi з бакоў ад босых ног,
I спарышы, як на дарозе ў полi,
Дыван зялёны утвараў мурог.

На ёй улетку пасвiлiся гусi,
Ды шмат слядоў рабiлi капыты,
I вулiца была ў бясконцым русе,
Абапал хат раскiнулiсь сады.

Вясной вада збягала ў каляiны,
А летам – сцежкi дзве i мурагi,
Увосень гразь была як быццам з глiны,
Сумёты ўзiмку ставiлi снягi.

Асфальт даўно заўсёды пад нагамi,
Але на iм сумую часам я,
Ва ўяве – з яблынёвымi снягамi
Юнацтва вулiца цудоўная мая.

16.05.1998


2693     ЧАРОЎНЫ РАНАК

Люблю рабiць насустрач сонцу крокi,
Калi яно абвесцiць новы дзень,
Калi зрабiў пунсовымi аблокi
Не бачны воку сонечны прамень.

Як серабро, раса ляжыць на травах,
I, нiбы сцежка, першыя сляды,
Чароўны ранак назiраць цiкава,
Хвалюе моцна сэрца ён заўжды.

На небе безлiч колераў ад сонца,
Удзень ужо няма такой красы,
Змяняе выгляд далягляд бясконца,
Гараць вясёлкi ў кропельках расы.

Люблю рабiць насустрач сонцу крокi,
Багата ранкаў мне сустрэць прыйшлось,
Зусiм не трэба ехаць ў край далёкi,
Цудоўную каб бачыць прыгажосць.

22.07.1998


2954     ЛЬВОЎ

У думках часта бачу мiлы Львоў,
Бо там жыцця праведзена палова,
Яшчэ не згасла да яго любоў,
Хоць два гады жыву ужо без Львова.

Сумую я без букавых лясоў,
У думках iх нiколi не пакiну,
I высечкi у кветках бачу зноў,
Куды хадзiлi часам па малiну.

I вулiцы яго – краса красы,
Дзiвосную, як цуд, архiтэктуру,
Пакiну ў сэрцы я на ўсе часы,
Мiж мной i Львовам не узнiкне муру.

Цяплом нас абагрэў, як бацька, Львоў,
Не горш, раней чым узбярэжжа Крыма,
Хоць не праходзiць да яго любоў,
Ды лепш заўсёды любая Радзiма.

26.01.1999


3105     УСМЕШКА РАНКУ

Рэчку, радасць з якой заўжды п'ю,
Луг, якi мне дае асалоду,
Я пяшчотна, аддана люблю
I сустрэцца шукаю нагоду.

Люблю з вудай сядзець у цiшы,
Глядзець ў зоркавы купал высокi,
Адчуваю спакой без мяжы,
Як прамень пазалоцiць аблокi.

Ранак – самы прыветлiвы час,
Звонка песня птушыная льецца,
Калi сонейка з'явiцца, ўраз
Прамянямi ласкава ўсмiхнецца.

12.04.1999


3112     ВЕРНЫЯ СЫНЫ

Хто хадзiў за плугам па разоры,
Зведаў той i пах, i густ зямлi,
Клалiся пласты, як хвалi ў моры,
Што ад ветру лёгкага прайшлi.

Па пракосу хто хадзiў з касою,
Ведае красу i водар траў,
Клаў траву высокую з расою,
Меў натхненне ад сялянскiх спраў.

Перамацаў хто зямлю рукамi,
I сказаў ёй шмат пяшчотных слоў,
Будуць яе вернымi сынамi:
Да Радзiмы ў сэрцах iх любоў.

17.04.1999


3168     ДЗIЎНЫ СВЕТ

Дзiўны свет! Пагляджу – не магу наглядзецца,
Нiбы мёд, прыгажосць яго кубкамi п'ю,
Ад красы ў цяжкi час душа можа сагрэцца,
I таму я прыроду аддана люблю.

Люблю лесу прастору i плынь цiхай рэчкi,
Смак цудоўны халоднай крынiчнай вады,
Ды згарае жыццё, як васковыя свечкi,
Час прымусiць пакiнуць яго назаўжды.

Зашумяць, як раней, над зямлёю бярозы,
Прамень сонца аблокi пяшчотай кране,
I заззяюць брыльянтам ранковыя росы,
Ды на свеце тады ўжо не будзе мяне.

7.05.1999


3304     НАТХНЕННЕ

Натхненне для сябе заўжды знайду,
Каб моцным быў мой паэтычны голас,
Гляджу на тую самую ваду,
Раней глядзеў ў якую Якуб Колас.

Над Прыпяццю цудоўныя лугi,
I, як раней, на iх ляжаць пракосы,
Хоць час цяпер iдзе зусiм другi,
Але «iдуць касцы, звiняць iх косы».

I, як раней, вакол стаяць лясы,
Блакiтнае такое ж паднябессе,
Ў душу натхненне прыйдзе ад красы,
Яго дае чароўнае Палессе.

21.07.1999


3343     ПАЛЕСКI КРАЙ

Зямля мая! Люблю твае абшары,
Пяшчотны гоман рэчак i лясоў,
Такога цуду не уявiш ў мары,
Як дзiўны цуд птушыных галасоў.

Люблю красу цудоўнага Палесся,
I падымаць не трэба галавы,
Бо поруч, не ў абсягах паднябесся,
Прыветна машуць крыламi буслы.

Мне нават падабаюцца балоты,
Жывёльны свет там мае сталы рай,
I сэрца замiрае ад пяшчоты,
Яе дае душы палескi край.

22.08.1999


3574     ПРЫГАЖОСЦЬ

Я люблю, як спяваюць бярозы,
Калi вецер трапеча карой,
Цi да долу схiляюцца лозы,
Каб ў люстэрка глядзець над вадой.

Назiраць мне прыемна аблокi,
Лёгкi iх i свабодны палёт,
Цi пабачыць цiкавыя крокi,
Ходзяць буслы калi ля балот.

Я мiлуюсь стварэннем прыроды
Ў спёку, холад, ў снягi цi iмжу,
Анi смутку няма, нi маркоты:
Прыгажосць узвышае душу.

20.01.2000


3606     ЁСЦЬ НАДЗЕЯ

Люблю я водар лесу i раллi,
Iх з iншымi паблытаць немагчыма,
Ляцяць у край далёкi жураўлi,
А мне мiлей любiмая Радзiма.

Цудоўная, прыгожая зямля,
Краса блакiту велiчнага неба,
Ад шчасця асалоду маю я,
Нiколi iншай долi мне не трэба.

Няхай ляцяць у вырай жураўлi,
Ды я услед за iмi не шыбую,
Зiма цяпер лютуе на зямлi,
Надзея ёсць, што я перазiмую.

1.02.2000


4172     БАЦЬКОЎСКАЯ ЗЯМЛЯ

Чэзлы лес, вакол адны балоты,
Каля студнi – хобат жураўля,
Ды дае бясконцасць асалоды
Родная бацькоўская зямля.

Ад паводкi прыйдуць перашкоды,
Край другi не трэба нiякi,
Чэзлы лес, вялiкiя балоты
Любяць ўсёй душой палешукi.

10.09.2000


4702    АСАЛОДА ЗЯМЛI

Я у зямлi вясковай у зяцях,
Але яна даўно мне роднай стала,
Ляжыць вакол палёў, лясоў абсяг,
Красой яна сваёй зачаравала.

Я за яе трымаўся, як Антэй,
Знаходзiў для адведзiнаў нагоду,
Пранеслась шмат вiхораў i завей,
А я дасюль зямлi п'ю асалоду.

3.12.2000


4818     НАЙЛЕПШАЕ БАГАЦЦЕ

Вятры схiляюць хай мяне да долу,
Хаця зусім схiляцца не люблю,
Я зрэдку, але чую сваю мову,
Гляджу заўжды на родную зямлю.

Свая зямля – выток майго натхнення,
Не трэба мне чужы заморскi рай,
Прыемна тут ад кожнага iмгнення,
Найлепшае багацце – родны край.

27.12.2000


4899     КАШТОЎНЫ ДАРУНАК

Мой найлепшы каштоўны дарунак –
Родны край, ён душы дарагi,
Мяне вабiць тут кожны малюнак:
Чмель над кветкай, на лузе стагi,

Рэчкi плынь, дзiўны лес задуменны,
I цудоўны блакiт у нябёс,
Я ў адданай любовi нязменны,
За дарунак свой дзякую лёс.

9.01.2001


4993     КАРЦIНЫ ЮНАЦТВА

Далёка я жыў доўгi час ад Айчыны,
Але не ўтваралась мяжы,
У мроях ў балотах збiраў журавiны,
Купаўся у любым Сажы.

Адчуў ў сваiм сэрцы значэнне Айчыны,
I шчасце быць з роднай зямлёй,
У снах толькi бачыў юнацтва карцiны,
Павек цяпер разам я з ёй.

24.01.2001


5420     ЖАДАНАЯ ВЯСНА

Гляджу на луг, на плынь ракi,
Ужо канчаецца прадвесне,
На крылах буслы i шпакi
Вясну жаданую прынеслi.

1.04.2001


5672     ЛЮБАЯ КРЫНIЧКА

З вадаправода пiць ёсць звычка
З яго нялепшаю вадой,
Ды снiцца любая крынiчка
З рачулкай чыстай залатой.

2.05.2001


5706     ЗЯМЛЯ АЙЧЫНЫ

Зямля Айчыны! Ў спёку i завею
Нiдзе няма другой зямлi мiлей,
Заўжды душу тваёй пяшчотай грэю
I чэрпаю магутнасць, як Антэй.

7.05.2001


5834     УЗДЫМ У ДУШЫ

Мядовыя лугi, ў блакiце неба,
I рэчкi плынь у ззяннi залатым,
Душы натхнення лепшага не трэба,
У ёй ад дзiўнай прыгажосцi ўздым.

25.05.2001


Рецензии
Признание в любви
Родом я, друзья, с Полесья – это чудные края.
Но родною, не чужбиной, стала здешняя земля.
Шарковщинское раздолье – необьятны небеса.
Я любуюсь здесь природой – это райская краса.
Из земли растет здесь небо, всюду виден горизонт.
Тучи ходят здесь большие - страшно движется их фронт.
Радуги на всю округу не видала никогда:
разольется коромыслом после дождика всегда.
Стала здесь писать стихи я - мне не верится самой!!!
Но любуюсь постоянно шарковщинской я землей!!!
8/08/05

Это мое самое первое стихотворение. Слабенькое, но рожденное. А посему живу и каждый день любуюсь нашей красавицей Беларусью. :)

Ирина Торбецкая   14.04.2006 13:15     Заявить о нарушении
Дзякуй вялікі Вам за вершы!!! Мая дачка ажно вывучыла адзін з іх напамяць.
Вось, паглядзіце: http://www.youtube.com/watch?v=a-1pAJ35abw&feature=youtu.be
Гэта цудоўная паэзія павінна стать паэзіяй свету!!!

Светлана Иванова-Мищенко   04.07.2017 16:21   Заявить о нарушении