ab11 Вершы аб вайне 24 верша
Свет жорсткi, i няма куды падзецца,
Бо альтруiзм – як казка для людзей,
Калi да справы пiльна прыглядзецца,
Жыццё – ланцуг жахлiвейшых падзей.
Ў жывёльным свеце кожная жывёла
Для iншай – толькi смачная яда.
Якая аб гармонii тут мова:
Адным харч добры, а другiм – бяда.
I чалавек без жалю душы губiць,
Жывым без ежы немагчыма жыць,
Хоць кажа: братоў меншых палка любiць
I кожным надта моцна даражыць.
Рыбалка да спадобы, паляванне,
Без жорскасцi на свеце не пражыць,
Ды знойдзецца забойцам апраўданне,
Мы створаны бязлiтаснасць тварыць.
У кожным сэрцы жорсткасць ёсць заўсёды,
Пад прыкрыццём жаданняў ды iдэй
Вайну вялi бясконца ўсе народы,
Гiсторыя – ланцуг благiх падзей.
24.09.1995
1208 ЧАМУ?
У кожнага ёсць добрыя намеры,
Як людзi толькi пачынаюць жыць,
У iншых душах чарнаты без меры.
Адкуль жа удаецца зло набыць?
Каб ад жыцця мець толькi асалоду,
Лепш любых палка песцiць i кахаць,
Прыносяць людзi гора, здзекi, шкоду,
Калi бязглузда прагнуць забiваць.
Няма сумлення або ў Бога веры?
Як можна жыць з душой такою злой?
Няпраўду кажуць: «Людзi – нiбы зверы»,
Iх спрэчкi не сканчаюцца вайной.
Незразумела, як паводзяць людзi,
Чаму заўсёды сiла – наш кумiр?
Мо з часам дабрыню душа набудзе,
Каб вабiў толькi моцны сталы мiр?
Чаму заўжды хапаемся за зброю?
Так павялось з далёкай даўнiны.
Чаму не хочам мiру i спакою?
Чаму жадаем гора i вайны?
21.11.1995
1363 УЖО ДОСЫЦЬ!
Толькi страты, адны толькi страты,
У пакутах i жаху наш век,
Ён на войны занадта багаты,
Цяжка стогне ад iх чалавек.
Хутка скончыцца тысячагоддзе,
Iдуць войны бясконцыя зноў,
Зброяй бразгаюць ў кожнай нагодзе,
Век бягучы – не лепшы з вякоў.
Нарабiлi ўжо войны шмат шкоды,
Невядома, чыя ў iх вiна?
Ды бясконца ваююць народы,
Сталай звычкаю стала вайна.
Не iначай, як ўсе скажанелi,
Мо апомнiцца, ўрэшце, пара,
Каб гарматы бядой не грымелi,
Лепш чынiць людзям болей дабра.
Хопiць боек, пара супынiцца,
Мiру – «Так!», войнам жудасным – «Не!»,
Свету годнасцю лепш ганарыцца,
Калi скажа: «Ўжо досыць!» вайне.
31.01.1996
1474 IДЗЕ ВАЙНА
Чаму вайна здараецца, чаму?
Святога для людзей няма нiчога,
Непадуладна розуму майму,
Што злыя людзi – падабенства Бога.
Стварыў ўсё Бог: i неба, i зямлю,
Зямля – як рай, ласкава сонца свецiць,
Высновы паступова я раблю:
Не ўсё зрабiў Бог правiльна на свеце.
Чаму заўжды быў жорсткi чалавек?
Чаму адзiн другога забiвае?
Так ёсць цяпер, i так было павек,
Адну вайну другой вайной змяняе.
Адны ваююць, iншыя маўчаць,
Катуюць i гвалтуюць пры нагодзе,
Ад жаху нема хочацца крычаць,
Бо гнюсны глум – ў дваццатае стагоддзе.
Якой бы была добраю Зямля,
Каб не стварыў тут Бог цара прыроды,
Такая думка Бога* i мая,
Iдзе вайна, бо жорсткiя народы.
* Быццё, глава 6, верш 6.
13.07.1996
1540 СТАЯЦЬ АБЕЛIСКI
Як на могiлкi прыйдзеш, там зоркi гараць,
Спачываюць спакойна салдаты,
Многа год тут бязвусыя хлопцы ляжаць,
Гэта нашы афганскiя страты.
Каля зорак пасадкi з дубоў i бяроз,
Галаву нахiлiла рабiна,
Час iдзе, ды не высушыў матчыных слёз,
Ёй i горка, i цяжка без сына.
I навошта народу такая вайна?
Сэрцы многiя зараз у скрусе,
Зорак могiлкам шчодра прынесла яна,
Спяць салдаты па ўсёй Беларусi.
Нам зусiм не патрэбны далёкi Афган,
Але гiнулi нашы салдаты,
Подласць толькi была i ганебны падман.
Так хацелась вярнуцца дахаты!
Iм бы жыць, усмiхацца, дзяцей гадаваць,
Радасць мець ля дзiцячай калыскi,
Iм бы жонак кахаць, цалаваць, абдымаць,
Ды над iмi стаяць абелiскi.
20.08.1996
1595 АФГАНЦЫ I ЧЭЧЭНЦЫ
Зусiм няма злачынцам спраў,
Што iншым робяць безлiч шкоды,
Каму сумлення Бог не даў –
Знiшчаюць цэлыя народы.
Саюз манiў бясконца нас,
Што ён за мiр на цэлым свеце,
А сам вёў войны цэлы час.
Якой яны служылi мэце?
Працяглым вельмi быў падман,
Народ трымалi ў лiхаманцы,
Ўвялi салдат ў Афганiстан,
Iх сталi называць «афганцы».
Цяпер Расiя – у Чэчнi,
Былыя не прайшлi замашкi,
I чорныя пачалiсь днi,
Лёс у народа надта цяжкi.
Жыццё зноў страцiла цану,
Адных другiя нiшчаць людзi,
Злачынец там вядзе вайну.
Названы мо «чэчэнцам» будзе?
12.09.1996
1674 ДРАПЕЖНЫ IНСТЫНКТ
Вайна iдзе бясконцая заўсёды,
Знiшчаюць людзi нiзашто людзей,
Не мiрацца з сiвых часоў народы,
Нiколi мiру не было нiдзе.
Ваююць за зямлю або за веру,
Цi за iдэю, грош якой цана,
I кошты трацяць на вайну не ў меру.
Мо д'яблам людзям дадзена вайна?
Ўсе армii вялiкiя трымаюць,
Бо кожны хоча што-небудзь здабыць,
I толькi часу лепшага чакаюць,
Каб iншыя народы пакарыць.
Няхай раней вайна была ў пашане,
Як каралi змагалiсь i князi,
Ды i цяпер свет у ваенным стане,
I падымае боек ветразi.
Хоць аб сабе высокай думкi людзi,
Але iнстынкт драпежны к нам прыйшоў,
Нiколi мiру на Зямлi не будзе,
Вайна iдзе бясконца зноў i зноў.
7.10.1996
2529 РОЗДУМ ВЕТЭРАНАЎ
Душа балiць мацней, чым раны,
Ляцiць стралой няўмольны час,
Ў нябыт шагаюць ветэраны,
Ўжо засталося мала нас.
Сабой Радзiму захiналi,
Не ведалi прад куляй страх,
Усё краiне аддавалi,
Нас безлiч гiнула ў баях.
Мы здабывалi перамогу,
Пазналi цяжкi жах вайны,
Прыйшлi дадому, слава Богу,
Айчыны дочкi i сыны.
Цяпер пра нас амаль забылi,
Раз ў год гучыць аркестраў медзь,
За што на ворага хадзiлi,
Нiяк не можам зразумець.
9.04.1998
2535 ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Прайшло дваццатае стагоддзе,
Засталась кропелька адна,
У барацьбе, бядзе, нягодзе,
Iшла бясконцая вайна.
Не могуць жыць спакойна людзi,
Не шкода нам зусiм сябе,
I далей мiру зноў не будзе,
Не бачна краю барацьбе.
Век на парозе дваццаць першы,
Ды не жадаем ў шчасцi жыць,
Замест вайны складаць бы вершы,
Не ненавiдзець, а любiць.
Няхай нам космас пакарыцца,
I пройдзем акiян да дна,
Ды так нiколi не здарыцца,
Прывабней для людзей вайна.
11.04.1998
2599 ПЕРАМОГА
Вагомей не было нiчога,
Чым дзень, як скончылась вайна.
Што даравала перамога,
Цi дала шчасце нам яна?
Цяпер ў пашане ветэраны,
Але другiя ў бой iшлi,
У iншых ў сэрцы былi раны,
Як ў бруд кiдалi медалi.
Жыцця свайго не шкадавалi,
Было шалёных шмат атак,
Ды многiх з iх накiравалi
Пасля у сталiнскi гулаг.
Пакутавалi iнвалiды,
Збiралi хлеб, як жабракi,
Ў свой час яны былi забыты,
Цяпер кладзем на прах вянкi.
9.05.1998
2600 САПРАЎДНЫ ГЕРОЙ
Ў Берлiн ваенныя дарогi
У сорак пятым прывялi,
Цяпер да свята перамогi
Прышпiльваць трэба медалi.
Засталiсь толькi ветэраны,
Што i не нюхалi баёў,
А бачаць iх, як мы, з экранаў,
Ды ў iх па дзесяць медалёў.
А ў перамогу, ў сорак пяты,
Той, што змагаўся, нiбы леў,
Вярнуўся ранены дахаты,
Нашыўку за раненне меў.
Салдату тры нашыўкi далi,
Так ён адзначаны вайной,
Для iншых выдаюць медалi,
Не меў сапраўдны iх герой.
9.05.1998
2602 ШТРАФНАЯ РОТА
Такая на вайне работа,
Што плацяць смерцю за яе,
Ў атаку паднялася рота,
Заб'юць чужыя цi свае.
Наперадзе фашыст пракляты,
Таму смяротны кожны крок,
А ззаду нас загаратрады
Руку паклалi на курок.
Штурмуе матухна-пяхота,
Ды клiча не чырвоны сцяг,
Iдзе у бой штрафная рота,
Смерць нагарода цi гулаг.
Прад ворагам не гнулi спiну,
Ды не маглi цярпець маны,
Таму змагалiсь за Айчыну
Як штрафнiкi яе сыны.
11.05.1998
3319 ПОМНIК
Магiлы без крыжоў, акопы,
Ланцуг траншэй уздоўж лясоў,
Не ўсе, прайшоўшы паў-Еўропы,
Вярнулiсь цэлымi дамоў.
Спяць невядомыя салдаты,
Дана найбольшая цана,
Каб не стралялi больш гарматы,
Хутчэй каб скончылась вайна.
Гады маленства ў сорак пятым
Цяпер у памяцi ўсплылi,
Бо памяць – помнiк тым салдатам,
Што да Берлiна не дайшлi.
5.08.1999
3508 РОЗНЫЯ ВЕТЭРАНЫ
Сваю баранiлi зямлю,
I шану за доблесць здабылi,
Не шкода было iх крамлю,
Iх вельмi ў народзе любiлi.
Ракой струменiлася кроў,
Жыццём быў не кожны абраны,
Як рэха мiнулых баёў,
Жывуць памiж нас ветэраны.
Ў баях гiнуць, гiнуць ад ран,
Прыходзяць дамоў iнвалiды,
Але за Чэчню i Афган
Ганьбой толькi будуць пакрыты.
17.12.1999
3509 ГРАМАДЗЯНСКАЯ ВАЙНА
Ужо даўно вярнулiся дахаты,
Афганцамi цяпер назвалi iх,
Але маўчаць аб той вайне салдаты
I медалёў саромяцца сваiх.
Пасля Айчыннай iмi ганарылiсь,
Пра баявы распавядалi шлях,
I нагароды кожны дзень iскрылiсь
У смелых пераможцаў на грудзях.
Вайна ўваходзiць у Расii ў моду,
Ды не жадаюць прызнаваць вiну,
Што хочуць адшукаць хутчэй нагоду,
Пачаць каб грамадзянскую вайну.
17.12.1999
3591 БЫЛОЕ
Пасляваеннае маленства
Мне будзе помнiцца заўжды,
Пазнаў я голаду шаленства,
Ў вадзянцы лёд замест вады.
Каб ў печы запалiць, сагрэцца,
Жар беглi ранкам пазычаць,
Адзенне – як калi прыйдзецца,
Газоўка, кнiжкi каб чытаць.
Запалкi ёсць i ўдосталь ежы,
I электрычнасць, i цяпло,
Былое адышло за межы,
Але яно усё ж было.
25.01.2000
3608 НА ВАЙНЕ
Жыццё бясцэннае заўжды,
Жыць вечна нават цешыць мроя,
Але ў юнацкiя гады
Не шкода аддаваць чужое.
Чужы боль сэрца не кране,
Яно халоднае i злое,
Бо iншыя ляжаць ў труне
З высокiм тытулам героя.
Хоць на вайне, як на вайне,
Адны там iнтарэсы маюць,
Ды куля iх заўжды мiне,
Другiх за смерцю пасылаюць.
2.02.2000
3699 МУДРАЯ ПРЫРОДА
Заўжды ўсё ў злагадзе ў прыроды,
Ёй не па густу барацьба,
Сасне пясок мiлей заўсёды,
Каля вады расце вярба.
Але чаму не ў згодзе людзi?
Заўсёды знойдзецца кумiр,
Якi дае натхненне ў грудзi,
Каб разбурыўся кволы мiр.
Мо лепш наследаваць прыродзе,
Бо вельмi мудрая яна?
Хоць лепей жыць у сталай згодзе,
Але ўвесь час iдзе вайна.
13.03.2000
3964 ТРАПНАЕ СЛОВА
Як труса лягчэй адразнiць ад героя
У плынi будзённых падзей?
Вялiкаiя сiла – магутная зброя,
Ды трапнае слова мацней.
Не трэба мець катаў, сякеры i плахi,
А толькi моц праведных слоў,
Бо трэба не меней вялiкай адвагi
Нянавiсць змянiць на любоў.
Ды кепска паводзяць сучасныя каты,
Iм словы любвi – не радня,
Свiсцяць толькi кулi i рвуцца гранаты,
Ў вайне пакутуе Чэчня.
13.07.2000
4169 КРЫВАВАЕ МОРА
Празмерна надта хваляць сябе людзi,
Нясціплай часам пахвалы без меры,
Дакладней значна думка збоку будзе,
Ды выказаць яе не могуць зверы.
Злачынствы ўсю гiсторыю складаюць,
Жыццё людзей iдзе ў крывавым моры,
Сябе ўвесь час бязлiтасна знiшчаюць
I не шкадуюць фауны i флоры.
10.09.2000
4212 ВАЕННАЕ ДЗЯЦIНСТВА
Пажарышч незлiчоныя сляды,
Ў лясах снарады, гiльзы, порах, мiны,
Дзiцячыя галодныя гады,
Нялёгкiя ваенныя ўспамiны.
Дзяцiнства нас пазбавiла вайна,
Хаця для шчасця ў свет прыходзяць дзецi,
Шмат лёсаў ўшчэнт знявечыла яна.
А колькi войн iдзе на белым свеце!
18.09.2000
4344 СЯЧЭ СЯКЕРА
Прайшлась сякера па бярозе,
I сок пабег, як быццам кроў,
Дапамагчы нiхто не ў змозе,
Сячэ сякера зноў i зноў.
Сячэ сякера, нiшчыць зброя.
Невiнаватых ў чым вiна?
Ды гiнуць нi за што за тое,
Што трэба некаму вайна.
19.10.2000
5220 НЕ ШКАДА
Чужых сыноў нi кроплi не шкадуюць
I, як на паляваннi, нiшчаць iх.
Хоць рускiя грэх цяжкi не адчуюць,
Але чаму iм не шкада сваiх?
2.03.2001
5728 МIРНАЕ НЕБА
Жыццё, як цуд, пад мiрным небам,
Бо не пануюць боль i страх,
Не ведаем чаргi за хлебам,
Калi iдуць па галавах.
9.05.2001
Свидетельство о публикации №103042300208