***

Владимир Осипёнок: литературный дневник

Днi на зямлi твае,
Як дзень адзiн.
Калi ён скончыцца —
Нiхто не скажа.
Ты знiкнеш —
Не заўважыцца прапажа.
Рацэ няўцям,
Як шмат растала льдзiн.

Твой цень апошнi
Цемра ахiне.
I ўжо не зразумееш,
Дзе ты, хто ты,
I ад цябе ў маўклiвай старане
Адступяцца надзённыя турботы.

Пакуль твой дзень,
Старайся ўсё паспець,
Бо дарабляць не вернешся,
Магчыма.
Пакуль заход
Яшчэ не хоча цьмець,
Кон пазiрае добрымi вачыма.

I сонца —
Служка боскай мiлаты —
Стараецца шчырэй
Разлiць лагоду,
Яно свой захад ведае,
А ты
Не ведаеш нi захаду, нi ўсходу


Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём
Штогодна, штогадзінна, штохвілінна,
Твой кожны дзень,
Забраны забыццём,
Лічы сваім найбольшым адкрыццём,
Ты — з дрэва часу
Кволая галіна.
Штодня вядзі з самім сабою бой,
Каб клопаты цябе не пахавалі,
Жыві надзеяй,
Мараю слабой,
Што свет трымаецца
Адным табой —
З ракі ўсёзабыцця — намерам хвалі.
Старайся не ў дзяльбе,
А ў малацьбе,
Каб вымалаціць з цемрачы праменне.
Ляж зморшчынкай
Ва ўсмешцы на ілбе,
Каб недзе ўспомніла жыццё цябе,
У незваротнай вечнасці —
Імгненне.


Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страцiць святое штосьцi.
Не забыць, як падвялы аер
На памытай падлозе пахне,
Як у студню цыбаты асвер
Запускае руку да пахi.
Не забыць сцежкi той, што цябе
На дарогу выводзiла з дому,
Што ў хаце там быў рубель
У цане i па курсу старому.
Не забыць, як марозам злым
Клямка пальцы пячэ балюча
I адкуль на стале тваiм
Бохан свежага хлеба пахучы.
Помнiць свой на iржышчы цень,
Не забыць, як завуць суседа,
Не забыць, як пяе пад дзень
За вясёлым сталом бяседа.
Помнiць кожнай маснiцы спеў,
Кожны кут у прыцiхлай хаце.
Лёсу дзякаваць, што паспеў
Ты пачуць блаславенне мацi.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою ты стаў чысцей
I не страцiў святое штосьцi.




Другие статьи в литературном дневнике:

  • 26.10.2020. ***
  • 20.10.2020. ***
  • 19.10.2020. ***
  • 18.10.2020. ***
  • 11.10.2020. ***
  • 09.10.2020. ***